Урад яшчэ на год працягнуў забарону на ўвоз тавараў з Польшчы, Чэхіі і краін Балтыі
Урад да 31 снежня 2025 года працягнуў забарону на ўвоз і рэалізацыю ў Беларусі асобных відаў тавараў і на імпарт паслуг з «недружалюбных краін». Адпаведнае рашэнне аб працягванні дзеяння пастаноў Савета Міністраў ад 6 снежня 2021 года №700 і ад 22 красавіка 2022 года №246 падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
30.12.2024 / 23:51
Фота ілюстрацыйнае
У пералік, вызначаны пастановай ад 6 снежня 2021 года №700, уключаныя асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі. У іх ліку піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, для гігіены поласці рота і зубоў, дэзадаранты, склады для ваннаў, мыла, чысцячыя сродкі, дываны на падлогу, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляны, асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмас, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардона.
Дакументам таксама забараняюцца ўвоз і рэалізацыя вады, уключаючы мінеральную і газаваную, з тых жа «недружалюбных краін».
Пастановай ад 22 красавіка 2022 года №246 устаноўлена забарона на маркіроўку імпартаваных у Беларусь алкагольных напояў на тэрыторыі «недружалюбных краін». Яна таксама працягнутая яшчэ на год.
Правяраем Галоўчанку. Ці сапраўды сёлета патаннелі інгрэдыенты для аліўе?
Галоўчанка расказаў, што аліўе сёлета патаннеў
Мінімальны заробак вырасце ў Беларусі з 1 студзеня
Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель
Галоўчанка растлумачыў, чаму 3 студзеня не зрабілі выхадным днём