Лукашэнка заявіў, што дактары, якія з'ехалі, просяцца назад
Неабходна стварыць усе ўмовы, каб «беларускія медыкі працавалі на роднай зямлі, а не бегалі па свеце ў пошуках лепшага жыцця», заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы ў Бараўлянах, піша БелТА.
31.12.2024 / 12:28
Фота: President.gov.by
«Жывяце вы тут у добрых умовах. Я думаў, вы доўга будавалі гэтую бальніцу, але губернатар кажа, за паўтара года ўсё зрабілі. І добра. Цяпер паціху будзем будаваць арэнднае жыллё. Будзем старацца, каб вы на сваёй роднай зямлі працавалі, а не бегалі дзесьці па свеце ў пошуках лепшага жыцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Але я рады, што некаторыя з вашых пабеглі, а цяпер (у мяне на стале стос матэрыялу і дакументаў) просяцца назад. Я задаю пытанне: «Дык а чаму ж? Што ж вы? Там і заробак, і ўсё». — «Не, не, не. Такой аховы здароўя, як у Беларусі, няма». У комплексе, у цэлым», — адзначыў ён.
Лукашэнка таксама сказаў, што беларускім спецыялістам складана рэалізаваць сябе за мяжой, нягледзячы на высокую кваліфікацыю.
«І дзіўна. Я думаў, што палякі — гэта нашы людзі, нашы родныя, славяне і іншае, ніколі нашых людзей не пакрыўдзяць. Але нічога падобнага: гэта палякі, а вы вось там усё – і ўкраінцы, і беларусы і гэтак далей, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але калі хтосьці хоча паспрабаваць — калі ласка. Не хацелася б, але глядзіце самі, вы робіце свой выбар».