Прададзены іранцам Airbus вярнуўся ў Мінск праз тэхнічныя непаладкі

30 снежня ў 19:39 з Нацыянальнага аэрапорта Мінск» узляцеў адзін з трох Airbus A330-200, якія апошнія паўгода знаходзіліся на захоўванні ў Мінску.

31.12.2024 / 14:09

Ілюстрацыйнае фота flightglobal.com

Паводле Motolkohelp, гэты самалёт быў прададзены іранскай авіякампаніі Toos Airlines, і сёння планавалася яго адпраўка новым уладальнікам у Іран. Самалёт вылецеў з Мінска рэйсам IRT2801.

IRT — гэта ICAO-код іранскай авіякампаніі Toos Airlines. Зараз у іх парку няма ніводнага самалёта, таму верагодна, што рэальным карыстальнікам стане адна з вядучых іранскіх авіякампаній, напрыклад, Mahan Air, як гэта здаралася раней.

Аднак практычна адразу пасля ўзлёту на борце ўзніклі тэхнічныя непаладкі. Паводле даных Flightradar24, самалёт знізіўся да 3000 метраў, і над Оршай экіпаж прыняў рашэнне вярнуцца ў Мінск. Пасадка адбылася ў 20:30.

Пакуль афіцыйных каментароў адносна прычыны непаладак і далейшых планаў на рэйс няма.

Nashaniva.com