Чэхія выдала сертыфікат аб грамадзянстве Ларысы Геніюш і яе мужа Янкі

Геніюшы заставаліся грамадзянамі Чэхаславакіі да канца свайго жыцця, піша Kamunikat.org

31.12.2024 / 15:52

Янка і Ларыса Геніюшы

У дакуменце Аддзела па грамадзянстве Дэпартамента права і гандлю Абласнога аддзялення Паўднёва-Чэшскага краю сцвярджаецца, што Ларыса і Ян Геніюшы, якія перабраліся ў Чэхаславакію ў 1930-х, атрымалі чэхаславацкае грамадзянства 4 ліпеня 1947 года і захоўвалі яго безупынна да канца свайго жыцця: Ян Геніюш — да 8 лютага 1979 года, а Ларыса — да 7 красавіка 1983.

Гэта абазначае, што пазбаўленне іх грамадзянства Чэхаславакіі і перадача саветам як нібыта савецкіх грамадзян 12 жніўня 1948 году было незаконным.

У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. На такі ж тэрмін быў асуджаны Янка Геніюш. У 1956 разам з мужам часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.

Ларыса Геніюш прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, тут бывалі частымі гасцямі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

За вяртанне Ларысе і Яну Геніюшам чэхаславацкага грамадзянства доўга змагаліся беларусы Чэхіі.

Цяпер Фонд Kamunikat.org разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку рыхтуе да выдання ўспаміны Ларысы Геніюш па-беларуску і па-польску.

Ларыса Геніюш: чаму яна не зламалася

Агент Шквал і агент Арэф’еў: як КГБ атачаў Ларысу Геніюш сексотамі, на якіх яна не магла і падумаць

9 жніўня — дзень народзінаў Ларысы Геніюш: невядомыя факты пра яе

Сёння — дзень памяці Ларысы Геніюш: факты пра яе

Nashaniva.com