Санкцыі здагналі кіпрскую кампанію, за якой можа стаяць Шэйман

У апошні дзень 2024 года Польшча ўвяла нацыянальныя санкцыі супраць кіпрскай кампаніі Rostumel Holding Limited — экспарцёра прадукцыі «Гродна Азот».

31.12.2024 / 19:04

Віктар Шэйман — правая рука Аляксандра Лукашэнкі. Архіўнае фота: Наша Ніва

Польскі ўрад прыйшоў да высновы, што гэтая кампанія займалася незаконным гандлем на тэрыторыі ЕС і ўвозам у Польшчу карбаміду (ён жа мачавіна), які вырабляецца на «Гродна Азоце», піша тэлеграм-канал @motolkohelp са спасылкай на Мінфін Польшчы.

«Кампанія Rostumel Holding Limited, набываючы прадукцыю ў ААТ «Гродна Азот», парушае санкцыйныя абмежаванні, якія ўключаюць забарону на імпарт і экспарт беларускай прадукцыі ад прадпрыемстваў, што знаходзяцца пад санкцыямі.

Пасля таго як «Гродна Азот» быў уключаны ў санкцыйны спіс ЕС, прадпрыемства спыніла экспарт у Польшчу. Аднак экспарт пачаў ажыццяўляцца праз іншыя суб'екты, уключаючы Rostumel Holding Limited», — гаворыцца ў дакуменце.

У дакуменце таксама паведамляецца, што ад імя кампаніі Rostumel Holding Limited выступае Андрэй Свірыдаў. Мяркуецца, што гэта той самы Андрэй Свірыдаў, які ў 2019—2021 гадах быў намеснікам начальніка Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Беларусі, а яго непасрэдным кіраўніком быў Віктар Шэйман.

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, Rostumel звязана з яшчэ адной кіпрскай кампаніяй — Dimicandum Invest Holding LTD, у якой фінансавым дырэктарам таксама ўжо згаданы Андрэй Свірыдаў. 16 снежня гэты ж чалавек ужо трапіў пад санкцыі Еўрапейскага саюза.

Гіганцкі ўчастак у Сочы, які належаў Рэспубліцы Беларусь, прадалі за бясцэнак фірмам, звязаным асабіста з Лукашэнкам — Белпол

30 гадоў з гучнага «замаху» на Лукашэнку пад Лёзнам — што тады было

Як 2020 год паламаў жыццё Алега Гайдукевіча. Ні сям’і, ні палітычных перспектыў, і толькі той у руцэ

Nashaniva.com