Памёр экс-прэзідэнт Эстоніі, пры якім краіна здабыла незалежнасць

На момант распаду Савецкага Саюза аграрый Арнольд Руйтэль кіраваў Вярхоўным саветам Эстонскай ССР. А ў пачатку 2000-х стаў прэзідэнтам.

01.01.2025 / 09:28

Арнольд Руйтэль. Фота сайта прэзідэнта Эстоніі

Былы эстонскі прэзідэнт Арнольд Руйтэль памёр увечары 31 снежня ва ўзросце 96 гадоў. Апошнія дні жыцця ён знаходзіўся ў шпіталі ў цяжкім стане.

Руйтэль нарадзіўся 10 мая 1928 года ў сям'і праваслаўных эстонцаў. Сваю кар'еру ён пачынаў у сельскагаспадарчай галіне: у 1969-1977 гадах ён быў рэктарам Эстонскай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля працаваў у Савеце міністраў і ў Вярхоўным савеце Эстонскай ССР.

Руйтэль прымаў удзел у падрыхтоўцы Дэкларацыі аб суверэнітэце Эстоніі, а пасля і Канстытуцыі Эстоніі.

У 1990-1992 узначальваў Вярхоўны савет Эстоніі. Пры ім краіна здабыла незалежнасць.

У 1992 годзе ў Эстоніі стварылі пасаду прэзідэнта. Руйтэль перамог у першым туры з вынікам 43%, але ў другім прайграў. Спроба абрацца ў 1996 таксама правалілася. 

Удалай для Руйтэля стаў трэці ўдзел у выбарах, у 2001 годзе, калі рашэнне прымала спецыяльная калегія выбаршчыкаў. Ён узначальваў Эстонію пяць гадоў.

Калі ў 2006 годзе балатаваўся на чарговы тэрмін, то прайграў.

Nashaniva.com