Расійскія войскі стараюцца абысці і акружыць Пакроўск на Данбасе

Гарадскіх баёў у горадзе няма.

02.01.2025 / 13:00

Расійскія акупацыйныя войскі не ідуць на прамы штурм Пакроўска Данецкай вобласці, а спрабуюць абысці і акружыць горад. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар аператыўна-стратэгічнай групоўкі войск «Хорціцкая» маёр Віктар Трагубаў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона.

«Гарадскіх баёў у горадзе няма, да мяжы горада расіяне не дайшлі, але спрабуюць ахапіць яго праз суседнія населеныя пункты, пасёлкі, пранікаць рознымі групамі, назапашвацца і дзейнічаць далей так, каб абысці горад. Плюс — актыўнае выкарыстанне БПЛА, актыўныя дзеянні ўсіх даступных сродкаў расіян, сканцэнтраваныя ў раёне горада Пакроўск».

Трагубаў растлумачыў, што горад Пакроўск досыць вялікі і ўмацаваны, таму праціўнік не хоча ісці на прамы штурм, бо ўжо завяз у гарадскіх баях на іншых напрамках, напрыклад, у Часавым Яры і Курахаве.

Паводле яго слоў, на баі ў самім Пакроўску праціўнік зараз не разлічвае, а імкнецца абысці горад і парваць інфраструктурныя ланцужкі.

За мінулыя суткі на Пакроўскім напрамку, які застаецца адным з самых гарачых, украінскія абаронцы спынілі 38 штурмавых і наступальных дзеянняў агрэсара, дадаў Трагубаў.

Nashaniva.com