Пры ўдары Ізраіля па сектары Газа забіты кіраўнік паліцыі Газы

У ноч на 2 студзеня ізраільскія вайскоўцы нанеслі авіяўдар па намётавым лагеры на поўдні сектара Газа.

02.01.2025 / 18:38

Сектар Газа. Архіўнае ілюстрацыйнае фота: Hatem Ali / AP

У выніку ўдару былі забітыя кіраўнік створанай ХАМАС паліцыі сектара Газа Махмуд Салах, а таксама Хусам Шахван, якога Ізраіль называе кіраўніком апарата ўнутранай бяспекі палестынскай групоўкі, піша Бі-бі-сі.

Акрамя гэтага, медыкі з Газы паведамляюць яшчэ пра дзевяцярых загінулых, у ліку якіх трое дзяцей і дзве жанчыны. Паводле іх звестак, яшчэ 15 чалавек атрымалі раненні.

Ізраільская армія пацвердзіла ўдар па гуманітарнай зоне ў Хан-Юніс у сваім тэлеграм-канале.

У гэтым жа паведамленні яна сцвярджае, што Шахван займаўся разведвальнай ацэнкай абстаноўкі пры нападах байцоў групоўкі на падраздзяленні ЦАХАЛ.

Як перадае Reuters, у выніку іншых удараў па сектары Газа загінулі прынамсі 26 палестынцаў, у тым ліку шасцёра — у будынку Міністэрства ўнутраных спраў у Хан-Юнісе.

Nashaniva.com