У Кіеве падчас расійскага абстрэлу на Новы год загінуў вядомы нейрабіёлаг — разам з жонкай і катом

Раніцай 1 студзеня расійскія войскі атакавалі Кіеў ударнымі беспілотнікамі. Падчас гэтай атакі загінулі муж і жонка — украінскія навукоўцы Ігар Зіма і Алеся Сакур.

02.01.2025 / 23:22

Ігар Зіма. Фота: facebook.com/aleksei.bobrovnikov

Сямейная пара загінула разам з катом «проста ў сябе дома ў ложку», паведаміла ў сацсетках іх знаёмая.

Навукоўцы жылі ў сталінцы з вежай насупраць будынка Нацыянальнага банка.

Дом, у якім жылі навукоўцы Ігар Зіма і Алеся Сакур

«Амаль усё сваё жыццё сям'я аддала навуцы, шмат гадоў працуючы ў Інстытуце біялогіі і медыцыны Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі», — расказаў пра іх міністр адукацыі і навукі Аксэн Лісавы.

Ігар Зіма быў выбітным нейрабіёлагам. Ён выкладаў у Інстытуце біялогіі і медыцыны Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі і працаваў у прыватным медыцынскім цэнтры, які займаецца дыягностыкай і лячэннем спадарожных захворванняў у людзей з аўтызмам і іншымі асаблівасцямі развіцця, піша Hromadske.

Яго навуковы стаж складае больш за 40 гадоў. Сярод яго навуковых інтарэсаў — даследаванне механізмаў кагнітыўнай дзейнасці мозгу чалавека, эмоцый, увагі і сістэм прыняцця рашэнняў, электрафізіялогія нейрасетак, нейрапсіхалогія і г. д.

Алеся Сакур была доктарам біялагічных навук, як і муж.

Nashaniva.com