Служба аховы прэзідэнта Паўднёвай Карэі не дазволіла яго арыштаваць

Следчыя спрабуюць выканаць ордар на арышт Юн Сок Ёля. Яны прарваліся праз дзве лініі ачаплення ў рэзідэнцыі прэзідэнта, але кіраўнік Службы бяспекі адмовіўся супрацоўнічаць з імі.

03.01.2025 / 07:41

Юн Сок Ёль. Фота: Yonhap 

Следчыя, якія прыбылі ў рэзідэнцыю паўднёвакарэйскага прэзідэнта для выканання ордара на арышт часова адхіленага Юн Сок Ёля, здолелі прарвацца праз дзве лініі ачаплення і сутыкнуліся з аддзелам бяспекі, паведаміў прадстаўнік спецыяльнай следчай групы паліцыі Yonhap.

Праваахоўнікі прад'явілі ордары на арышт і ператрус кіраўніку Службы нацыянальнай бяспекі Пак Чон Чжуну і папрасілі яго аб супрацоўніцтве, але ён заявіў, што ператрус не дазволены з-за «закона аб бяспецы і зоны бяспекі».

Нягледзячы на абвешчаны ў сярэдзіне снежня імпічмент, Юн Сок Ёль да завяршэння разгляду справы Канстытуцыйным судом лічыцца часова адхіленым і знаходзіцца пад аховай службы аховы прэзідэнта. Следчыя ўвайшлі на тэрыторыю рэзідэнцыі ў 8:02 па мясцовым часе (2:02 па Мінску), пасля чаго адбыліся сутыкненні з размешчанымі на тэрыторыі рэзідэнцыі вайскоўцамі.

Адвакаты Юн Сок Ёля назвалі спробу выканаць ордар на арышт незаконнай і паабяцалі звярнуцца ў суд.

У выніку следчыя пасля шматгадзіннага супрацьстаяння з аховай адхіленага ад улады прэзідэнта адмовіліся ад намеру арыштаваць яго.

«Арышт, па нашай ацэнцы, немагчымы з-за ўпартага процідзеяння. Мы турбуемся за нашу каманду на месцы [ … ] мы знаходзім стаўленне абвінавачанага [ … ] дастойным глыбокага шкадавання», — заявілі прадстаўнікі Бюро расследаванняў карупцыі Паўднёвай Карэі.

Nashaniva.com