Трое падлеткаў прадалі свае пашпартныя звесткі і атрымалі вялікія непрыемнасці
Трое 17-гадовых падлеткаў у Пружанскім раёне пагадзіліся на просьбу свайго знаёмага даць яму свае пашпартныя звесткі за ўзнагароджанне, а ў выніку сталі фігурантамі крымінальнай справы. Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце.
04.01.2025 / 09:07
Фота ілюстрацыйнае
Аказалася, што гэта знаёмы падлеткаў потым перадаў гэтыя звесткі ашуканцам, а тыя адкрылі на іх рахункі для сваіх махінацый.
«Маладыя людзі падалі свае аўтэнтыфікацыйныя звесткі, якія знаёмы перадаваў кібермахлярам. Пасля на імёны непаўналетніх зарэгістравана не менш за сем банкаўскіх рахункаў, якія выкарыстоўваліся ў злачынных мэтах», — расказалі падрабязнасці ў СК.
У выніку следчыя распачалі крымінальныя справы ў дачыненні да падлеткаў па ч. 1 арт. 222 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот сродкаў плацяжу або інструментаў). Па гэтай частцы артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу, або абмежавання волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.