56-гадовую палітзняволеную з Пружанаў, у якой дачка сядзіць, а зяць адседзеў, адпусцілі на хатнюю хімію

Таццяну Васільеву пакаралі за інтэрв'ю «Белсату» ў 2021 годзе. 

04.01.2025 / 10:12

Дом правасуддзя ў Брэсце, дзе знаходзіцца Брэсцкі абласны суд. Фота bgmedia.site

У канцы снежня 2024 года вярнулася дадому палітзняволеная з Пружанаў Таццяна Васільева.

56-гадовую жанчыну затрымлівалі ў студзені 2024 года падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. Тады абмежаваліся адміністратыўкай за «атрыманне замежнай бясплатнай дапамогі».

А ў жніўні 2024 года да яе прыйшлі зноў. Васільеву арыштавалі за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» у 2021 годзе і адправілі ў брэсцкі СІЗА. Яе палічылі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу).

Працэс над Васільевай адбыўся ў другой палове снежня 2024 года ў Брэсцкім абласным судзе.

Суддзя Мікалай Сянько пакараў яе 2 гадамі хатняй хіміі і вызваліў у зале суда.

Дачку Васільевай — палітзняволеную бібліятэкарку Юлію Лаптановіч — утрымліваюць за кратамі больш за 3 гады. Муж Юліі, будаўнік Ігар Лаптановіч, якога таксама асудзілі па палітычнай справе, атрымаў два з паловай гады, цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю. У сям'і Лаптановічаў трое дзяцей.

Nashaniva.com