Памерла самая пажылая жыхарка Зямлі — 116-гадовая японка Таміка Ітаока

Свайго мужа яна перажыла амаль на паўстагоддзя. 

04.01.2025 / 17:03

Таміка Ітаока ў дзень яе 116-годдзя. 

Пра гэта паведаміла агенцтва Kyodo.

Паводле звестак агенцтва, Ітаока памерла 29 снежня ў доме састарэлых у горадзе Асія ва ўзросце 116 гадоў па натуральных прычынах.

Таміка Ітаока нарадзілася 23 мая 1908 года ў Осацы, у Асію яна пераехала каля 30 гадоў таму. 

Ітаока лічылася самай пажылой жанчынай Японіі. Але самай пажылой жыхаркай Зямлі яна стала толькі пасля таго, як у жніўні 2024 года ў Іспаніі памерла Марыя Браньяс Марэра, якой на той момант было 117 гадоў.

Са сваім мужам жанчына пражыла 51 год у шлюбе, пакуль той не памёр у 1979 годзе. Да моманту смерці самой Ітаокі жывымі сярод яе сваякоў засталіся дачка, сын, а таксама пяць унукаў. Пахаванне Тамікі адбылося ў суботу.

Раней Міністэрства аховы здароўя Японіі паведаміла, што колькасць японцаў, якім споўнілася 100 і больш гадоў, перавысіла 95 тысяч, што стала рэкордным паказчыкам за 54 гады. З іх 88% складаюць жанчыны.

Nashaniva.com