57-гадовую экс-работніцу Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Таццяну Мішыну судзілі ў снежні 2024 года, але прысуд невядомы.
06.01.2025 / 08:00
Таццяна Мішына, фота з яе старонкі Укантакце
Таццяне Мішынай 57 гадоў. Родам яна з расійскага Чалябінска, але даўно пераехала ў Беларусь і мае грамадзянства. Разам з сям'ёй яна жыве ў Наваполацку.
Па звестках Digital intelligence team, з 2003 па 2016 гады жанчына працавала інжынерам у Полацкім дзяржаўным універсітэце, а пасля — на Наваполацкім заводзе тэхналагічных металаканструкцыяў.
Мяркуючы па сацсетках, Таццяна любіць паходы і падарожжы, асабліва — гарналыжны спорт.
Дата затрымання Таццяны невядомая, як і сутнасць абвінавачанняў, але апошнім часам па гэтым артыкуле судзілі тых, хто дапамагаў палітвязням. Па інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, па гэтым жа артыкуле затрымалі і будуць судзіць Таццяну Францкевіч, маці палітвязня Аляксандр Францкевіча, а таксама Наталлю Лабацэвіч, маці палітвязня Іллі Лабацэвіча — абедзве яны з Наваполацка.
Таццяну Мішыну судзілі 18 снежня ў Віцебскім гарадскім судзе. Яе абвінавацілі па дзвюх частках артыкула 361-4, «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Мішынай пагражала да 7 гадоў калоніі, але прысуд невядомы.