Эйсмант: Ніякіх выбачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, бо прасіць прабачэння нам няма за што

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант пракаментавала РБК заяву Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Лукашэнка прасіў прабачэння перад ім падчас тэлефоннай размовы, якая адбылася ў першыя дні вайны.

06.01.2025 / 15:52

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Фота: Maxim Shemetov Pool Photo via AP

«Першае. Размова паміж прэзідэнтамі Беларусі і Украіны ў першыя дні канфлікту адбылася выключна дзякуючы эмацыйнай рэакцыі малодшага сына беларускага прэзідэнта Мікалая, у якога ў тэлефоне быў асабісты кантакт Зяленскага. У чым была сутнасць той размовы: наш прэзідэнт у першую чаргу казаў пра тое, што канфлікт разгарэўся на тэрыторыі Украіны, на тэрыторыі Зяленскага, і менавіта яму па сканчэнні часу прыйдзецца больш, чым каму-небудзь адказваць за гібель людзей! Менавіта таму наш прэзідэнт заклікаў сесці за стол перамоваў, што і было зроблена: тры раўнды перамоваў у Беларусі і затым Стамбул», — сказала Эйсмант.

Яна абвергла, што Лукашэнка прасіў прабачэння ў Зяленскага. 

«Ніякіх выбачэнняў прэзідэнт Беларусі Зяленскаму не прыносіў, з той простай прычыны, што прасіць прабачэння нам няма за што», — сказала яна.

Каментара Эйсмант наконт таго, што Лукашэнка прапанаваў Зяленскаму ў адказ на пачатак вайны бамбіць Мазырскі НПЗ, не было. 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў у інтэрв'ю амерыканскаму падкастару Лексу Фрыдману, што Аляксандр Лукашэнка прасіў у яго прабачэння ў першыя дні нападу Расіі на Украіну. 

«У першыя дні вайны Лукашэнка прасіў прабачэння і казаў, што не вінаваты ў тым, што з тэрыторыі ягонай краіны запускаюць ракеты», — распавёў Зяленскі. 

@nashaniva «Жыве Беларусь» Як Лукашэнка адрэагаваў на словы Зяленскага #лукашенко #зеленский #всу #зсу #украина #беларусь #политика #новости ♬ So Funny - Blake Ernst

Прэзідэнт Украіны таксама сказаў, што Лукашэнка нібыта прапаноўваў яму адказаць ударам па мазырскім НПЗ. 

«Я яму [Лукашэнку] сказаў, што ён такі ж забойца, а ён мне сказаў: «Зразумей, нельга ваяваць з рускімі». Кажу яму: «Як ты дапусціў?» Ён кажа: «Ну добра, стукні па НПЗ, ты ж ведаеш, як ён шмат для мяне значыць». Я яму кажу: «Што ты гаворыш?» — распавёў Зяленскі. 

Nashaniva.com