Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы
Афрыка можа раскалоцца на дзве часткі па расколіне даўжынёй больш за 3200 км і, мяркуючы па ўсім, хутчэй, чым меркавалася. Віной таму зрушэнне тэктанічных пліт.
06.01.2025 / 18:58
Расколіна ў Кеніі. Скрыншот відэа Бі-бі-сі
Першыя прыкметы гэтага працэсу з'явіліся ў 2005 годзе — расколіна больш за 50 км з'явілася ў Эфіопіі. У 2018 годзе зямля раскалолася і ў Кеніі, піша Bild.
Гэтыя разломы ў зямлі знаходзяцца над так званай Вялікай рыфтавай далінай, якая ўзнікла 30 млн гадоў таму, калі раскалолася Афрыканская пліта. Цяпер мы проста назіраем наступствы гэтай падзеі на паверхні.
Чырвоным адзначана, дзе пралягае Вялікая рыфтавая даліна. Ілюстрацыя: Wikimedia Commons
Да нядаўняга часу геолагі лічылі, што для разлому Афрыкі на дзве часткі спатрэбіцца ад 5 да 10 млн гадоў. Аднак, паводле апошніх даных, гэта здарыцца нашмат раней. Сінція Эбінгер, геафізік з Тулейнскага ўніверсітэта, расказала платформе Dailygalaxy:
«Мы скарацілі прагноз да 1 млн гадоў, магчыма, [спатрэбіцца] нават удвая менш».
Разлом павялічваецца на 0,8-2,5 см у год, аднак працэс можа паскорыцца з-за землятрусаў, і гэта робіць дакладнае прагназаванне складаным. У выніку Самалі, Эфіопія, Танзанія і палова Кеніі ўтвораць гіганцкі востраў ля ўзбярэжжа Афрыкі.
Рух тэктанічных пліт і зямной кары звязаны з патокамі магмы пад ёй. Пад Эфіопіяй, да прыкладу, надзвычай гарачая вадкая парода падымаецца на глыбіню ўсяго каля 10 км пад паверхняй і аслабляе зямную кару.