Расійскі дрон ударыў па аўтобусе ў Херсоне. Загінуў супрацоўнік гарадской рады
Праз некалькі дзён мужчына павінен быў адзначаць 51-годдзе.
06.01.2025 / 20:35
Фота: Херсонская гарадская ваенная адміністрацыя
Расійскі дрон ударыў па аўтобусе з людзьмі ў Херсоне, ёсць параненыя і забіты. Пра гэта паведаміў начальнік Херсонскай гарадской ваеннай адміністрацыі Раман Мрочка.
Шэсць параненых пасажыраў даставілі ў бальніцу. Адзін мужчына загінуў на месцы.
Ім аказаўся Уладзімір Шум, спецыяліст аддзела экалогіі ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання дэпартамента гарадской гаспадаркі Херсонскай гарадской рады. Праз некалькі дзён ён павінен быў адзначаць 51-годдзе.