Трыумф Латвіі: анімацыйны фільм пра ката стаў лепшым нават за мульцік ад Pixar, самы касавы ў гісторыі

Прыклад таго, што і невялікая кінаіндустрыя можа гучна заявіць пра сябе.

06.01.2025 / 22:22

Кадр з трэйлера анімацыйнага фільма «Плынь»

Анімацыйны фільм латышскага рэжысёра Гінтса Зілбалодзіса «Плынь» (Flow) сёлета атрымаў «Залаты глобус».

Нават без вялікіх бюджэтаў фільм абагнаў пяць іншых канкурэнтаў, уключаючы «Галаваломку 2» ад Pixar, якая стала самым прыбытковым анімацыйным фільмам усіх часоў, піша LRT.

«Гэты фільм быў зняты вельмі маленькай, маладой, але захопленай камандай у месцы, дзе няма вялікай кінаіндустрыі, — сказаў рэжысёр. — Гэта першы раз, калі тут паказваюць фільм з Латвіі, таму для нас гэта вельмі важна».

«Плынь» расказвае гісторыю ката, чый самотны лад жыцця змяняецца, калі яго дом разбурае моцная паводка. Каб выжыць, кот павінен навучыцца пераадольваць страх перад вадой і ладзіць з рознымі жывёламі.

«Для мяне гэта вельмі асабістая гісторыя, таму што раней я працаваў адзін, — сказаў Зілбалодзіс. — Я здымаў усе фільмы сам, але на гэты раз я працаваў з камандай, і, як кату ў «Плыні», мне трэба было навучыцца давяраць іншым, супрацоўнічаць, пераадольваць адрозненні, і я думаю, што ў нашы дні, як ніколі раней, вельмі важна памятаць пра гэта».

У гэтай катэгорыі («найлепшы анімацыйны фільм») былі намінаваныя яшчэ пяць фільмаў: «Галаваломка 2», «Мемуары смаўжа», «Маана 2», «Уолес і Громіт: самая жорсткая помста» і «Дзікі робат».

У пачатку снежня «Плынь» атрымала прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі «найлепшы анімацыйны фільм».

Сталі вядомыя пераможцы кінапрэміі «Залаты глобус»

Nashaniva.com