«Святкуйце сваю індывідуальнасць». Поп-зорка нулявых Нэлі Фуртада паказала, як змянілася за гэтыя гады

Канадская спявачка Нэлі Фуртада была зоркай нулявых. Яе песні Say It Right і Give It to Me былі ў топе хіт-парадаў, а ў кліпах зорка паказвала зайдросную фігуру.

06.01.2025 / 23:47

Нэлі Фуртада ў нулявыя. Кадр з кліпа

Нядаўна 46-гадовая Нэлі Фуртада падзялілася здымкамі ў аранжавым бікіні і шчыра расказала пра свае адносіны з целам.

Спявачка піша, што сёлета «адчула новы ўзровень любові да сябе і сапраўднай упэўненасці ў сабе». 

Фота: інстаграм спявачкі

«Для тых, каму гэта цікава: я ніколі не рабіла аперацый на твары ці целе або павелічэння чаго-небудзь, за выключэннем вініраў на верхніх зубах, якія зрабіла адносна нядаўна. Дагэтуль у мяне не было ні ўколаў, ні філераў для вуснаў або твару. Але ў мяне ёсць любімая касметолаг старой школы, у якой я купляю сыроваткі і крэмы з таго часу, як мне споўнілася 20 гадоў. Напярэдадні фотасесій і чырвоных дарожак я п'ю шмат вады і сплю на спіне.

Часам на чырвоных дарожках ці фотасесіях мой візажыст выкарыстоўвае касметычны тэйп, каб надаць вачам, скуры і макіяжу больш падцягнуты выгляд. Часам мой стыліст выкарыстоўвае тэйп для цела, каб падкрэсліць сілуэт адзення», — напісала ў інстаграме зорка.

Яна піша, што на выкладзеных ёй фота ў купальніку няма ні фільтраў, ні макіяжу, толькі аўтазагар.

Фота: інстаграм спявачкі

«У мяне ёсць сасудзістыя зорачкі, якія нагадваюць мне пра маю маму і цётачак, таму, думаю, я пакуль не збіраюся ад іх пазбаўляцца.

Маё навагодняе пасланне на 2025 год: праяўляйце сябе свабодна, святкуйце сваю індывідуальнасць і ведайце, што цалкам нармальна прымаць тое, што вы бачыце ў люстэрку, і так жа нармальна жадаць чагосьці іншага», — звярнулася да падпісчыкаў Нэлі Фуртада.

Nashaniva.com