«Гэта мая вялікая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу». Лукашэнка паабяцаў беларусам складаны год

Сёння Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у калядным багаслужэнні ў Лагойску. Пасля ён ізноў пачаў расказваць пра набалелае, не абышлося і без хлусні.

07.01.2025 / 12:20

Запаліўшы калядную свечку, Лукашэнка не перахрысціўся, у адрозненні ад малодшага сына Колі, а пакланіўся. 

Скрыншот відэа «Пула Першага».

У звароце да прыхаджан ён заявіў, што 2025 год будзе няпростым, панаракаўшы на тое, што нехта пачаў Беларусь і Расію «ціснуць і душыць з усіх бакоў». 

У працяг тэмы ён дадаў, што лепш такая дыктатура, як у Беларусі, чым такая дэмакратыя, як ва Украіне. 

Таму галоўнай задачай для сябе Лукашэнка зрабіў захаванне міру ў краіне. Для гэтага, па яго словах, трэба трымацца разам ды імкнуцца рабіць так, каб жылося лепш.

Але лёгкага жыцця беларусам ён не паабяцаў.

@nashaniva «Жыве Беларусь» Як Лукашэнка адрэагаваў на словы Зяленскага #лукашенко #зеленский #всу #зсу #украина #беларусь #политика #новости ♬ So Funny - Blake Ernst

«Будзем жыць, можа, небагата, але дастойна», — сказаў Лукашэнка.

У той жа час ён заявіў, што любіць свой народ і ў гэтым ягоная асаблівасць. Таксама нязменны кіраўнік Беларусі ў чарговы раз схлусіў, што за ўладу не трымаецца і зробіць усё, каб ціха аддаць яе новаму пакаленню.

«Таму што я спадзяюся яшчэ пры новай уладзе, і вы таксама, пажыць. Мае дзеці будуць жыць. Я хачу бачыць, як яны будуць жыць. <…> Таму гэта мая вялікая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу», — сказаў проста ў царкве Лукашэнка, які праз тры тыдні будзе прызначаны кіраваць Беларуссю на сёмы тэрмін. 

Nashaniva.com