Малодшая сястра кіраўніка OpenAI падала на яго ў суд за сэксуалізаваны гвалт

Сястра ўладальніка кампаніі OpenAI і стваральніка ChatGPT Сэма Альтмана падала пазоў у суд, вінавацячы старэйшага брата ў дамаганнях у дзяцінстве.

08.01.2025 / 12:06

Сэм Альтман, адзін са стваральнікаў сусветна вядомай нейрасеткі ChatGPT. Фота: Patrick Semansky / AP

Эн Альтман падала ў акруговы суд у штаце Місуры пазоў, у якім сцвярджаецца, што яе брат з 1997-га па 2006 год падвяргаў яе сэксуалізаванаму гвалту. Першы эпізод, па сцвярджэнні Альтман, адбыўся, калі ёй было тры гады, а Сэму — 12. У пазове гаворыцца, што Сэм Альтман здзяйсняў сэксуалізаваны гвалт над сястрой некалькі разоў на тыдзень.

Альтман просіць, каб справу разгледзеў суд прысяжных. Яна запрасіла кампенсацыю ў памеры больш за 75 тысяч даляраў.

Сэм Альтман разам з маці і братамі выпусцілі заяву, у якой адмовілі абвінавачванні. У тэксце гаворыцца, што сцвярджэнні Эн «зусім не адпавядаюць рэчаіснасці», а сітуацыя «прычыняе моцны боль сям'і».

Альтман і яго сям'я заяўляюць, што вырашылі выказацца публічна пасля падачы іску, бо лічаць абвінавачанні несправядлівымі. Эн, паводле іх слоў, мае псіхічныя праблемы, на лячэнне ад якіх сям'я выдзяляе сродкі, аднак яна працягвае патрабаваць дадатковыя фінансавыя сродкі і адмаўляецца ад лячэння.

Сам Альтман жанаты з даўнім партнёрам — інжынерам-праграмістам Оліверам Малхерыным. Яны таемна пажаніліся год таму. 

Nashaniva.com