«Перагар на ўвесь кабінет». Блогерка паскардзілася на доктара, які адмовіў ёй у бальнічным. У гісторыю ўмяшалася Мінздароўя

Мінчанка ў тыктоку паскардзілася, што доктар не захацеў выпісваць ёй бальнічны 31 снежня. Відэа завірусілася і даляцела да чыноўнікаў.

08.01.2025 / 15:19

Блогерка распавяла пра візіт у 36-ю сталічную паліклініку 31 снежня. Дзяўчына распавядае, што адчувала сябе дрэнна: у яе быў моцны кашаль і закладзены нос. Тэмпературу, праўда, перад візітам да доктара яна збіла: тэрмометр у паліклініцы паказаў 36,9.

Першы доктар накіраваў дзяўчыну на аналіз крыві і рэнтген. Калі блогерка вярнулася з вынікамі, у кабінеце быў ужо іншы доктар. Дзяўчына заявіла, што ад яго моцна пахла перагарам.

Доктар убачыў, што рэнтген чысты, і вырашыў правесці яшчэ адзін агляд. Пасля гэтага ён даў пацыентцы рэкамендацыі, але ў выдачы бальнічнага адмовіў.

«Ён сказаў, што бальнічныя 31 снежня не выдае. Я пытаюся: а з якой прычыны? У мяне тэмпература, я сябе дрэнна адчуваю, у мяне кашаль. Медсястра адказала: «Вы што, тэлевізар не глядзелі?» Не, нічога такога я не глядзела, сёння рабочы дзень», — кажа дзяўчына.

@rabtsava_ Сразу подумала, что не буду писать в Минздрав. Но потом решила, что все же напишу, потому что не все такие как я пойдут к заведующей. Кто-то развернется и пойдёт домой. А не дай бог воспаление или что ещё хуже. И даже температуру не померяют пока рот не откроешь, а просто дадут «рекомендации». Всем желаю не болеть❤️ #минздрав #поликлиника #36поликлинника ♬ оригинальный звук - РЯБЦЕВА

Доктар яшчэ раз памераў тэмпературу: яна паднялася да 37,2. Аднак ён заявіў, што ўсё роўна бальнічны не дасць, і накіраваў дзяўчыну да загадчыцы. Тая, пасля чарговага агляду і вымярэння тэмпературы, якая зноў крыху павысілася, усё ж такі выпісала бальнічны.

Відэаролік сабраў у тыктоку 882 тысячы праглядаў, і справа зацікавіла Міністэрства аховы здароўя. Як пішуць «Мінск-Навіны», у паліклініку была накіраваная камісія, якая не выявіла ніякіх парушэнняў. Словы дзяўчыны пра перагар у доктара не пацвердзілі іншыя пацыенты, якія былі ў паліклініцы ў той дзень.

Галоўны доктар паліклінікі Андрэй Магера заявіў, што дзяўчына паводзіла сябе правакацыйна.

«Падстаў для выдачы бальнічнага выяўлена не было. Але дзяўчына сцвярджала адваротнае. Для вырашэння канфліктнай сітуацыі, а таксама ў сувязі з наяўнасцю ў пацыенткі мінімальных клінічных сімптомаў наш спецыяліст накіраваў яе да загадчыцы аддзялення.

Хачу адзначыць, што там мінчанка паводзіла сябе правакацыйна і спрабавала здымаць размову на відэа. Яе нервовы і ўзбуджаны стан магло паўплываць на павышэнне тэмпературы, якая пры чарговым вымярэнні была ў межах 37,4», — адзначыў Магера.

Бальнічны дзяўчына закрыла 3 студзеня — у гэты ж дзень выйшла яе відэа. Перад гэтым блогерка публікавала відэа з адзначэння Новага года: яна спявала песні, хвалілася бутэлькай спіртнога на стале і казала, што, можа быць, збярэцца ў госці.

Некаторых каментатараў гэта збянтэжыла: маўляў, калі чалавек хворы, ён так актыўна не святкуе. Хтосьці напісаў, што доктар, на якога скардзіцца дзяўчына, адзін з самых кампетэнтных, а выдаваць бальнічны 31 снежня яму, відавочна, забараніла начальства.

Іншыя, наадварот, падтрымалі дзяўчыну: «Не разумею, чаму так прывязваюцца да тэмпературы пры выдачы бальнічнага? Бо многія людзі хварэюць без тэмпературы, і гэта значна горш».

Nashaniva.com