На Гомельшчыне міліцыя папярэджвае нелаяльных грамадзян, каб не ішлі на выбары
«Гомельская вясна» паведамляе, што 6 студзеня ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі аднаго з РАУС Гомельскай вобласці правялі «прафілактычную гутарку» з асобамі, якія знаходзяцца на так званым «прафілактычным уліку», сярод іх і рэпрэсаванымі з палітычных матываў. З яе вынікае, што прыход на ўчасткі такіх асоб расцэньваецца як непажаданы.
08.01.2025 / 17:35
Фота ілюстрацыйнае
Пасля некалькігадзінных расказаў пра тое, як цудоўна жывецца ў Беларусі і перасцярогаў ад нейкіх учынкаў, якія могуць не спадабацца ўладзе, супрацоўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі загадаў усім зноў з’явіцца на такую самую гутарку… 26 студзеня.
На заўвагу, што на 26 чысло прызначанае галасаванне, міліцыянер нібыта адказаў літаральна наступнае:
«Ну, паспрабуйце схадзіць прагаласаваць, паглядзім, чым гэта для вас скончыцца. Вы сваё ўжо адгаласавалі ў 20-м годзе!»
Слухачы, якія сабраліся ў зале РАУС, так і не зразумелі сэнс такой рэплікі.
«Ці гэта запужванне, ці адкрыты намёк на тое, што і без нас вынікі будуць такія, як патрэбна ўладзе — і яўку напішуць, і патрэбную колькасць галасоў Лукашэнку. А з’яўленне на так званых выбарчых участках людзей, якія з 2020-га года маюць уласныя палітычныя погляды, якія відавочна не супадаюць з уладнымі, для тае самае ўлады непажаданае»
— выказваюць здагадкі людзі, якія паведамілі праваабаронцам пра інцыдэнт.
Гайдукевіч заклікаў не дапускаць да выбараў «здраднікаў» і «пятую калону»
Лукашэнка прапанаваў прыцягваць вайскоўцаў для аховы выбарчых камісій
Гайдукевіч і Канапацкая цяпер могуць адкрыта агітаваць за сябе. Ну ці адразу за Лукашэнку