На цырымоніі ўручэння прэмій Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але быў поўны казённага аптымізму
Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня выступіў на цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльных прэмій «Беларускі спартыўны Алімп» 2024 года. Падчас цырымоніі ён выглядаў фізічна кепска і відаць было, што выступленне давалася з цяжкасцю.
08.01.2025 / 20:46
Скрыншот з відэа
Як часта бывае апошнім часам, у Лукашэнкі трэслася галава, адчувалася задышка, а голас быў моцна асіплы.
Гэтае выступленне было рэдкім выпадкам, калі частка прамовы Лукашэнкі была сказаная па-беларуску.
Што да зместу прамовы, то ён быў банальным. Лукашэнка ў ёй зноў паўтарыў тыя тэзісы, якія рэфрэнам гучаць у ягоных выступленнях апошнім часам. Так, ён ізноў падкрэсліў устойлівасць беларускай мадэлі перад усімі выклікамі і яе асаблівы шлях, а таксама ўспомніў пра намер перадаць краіну дзецям і ўнукам:
«Як бы хтосьці ні імкнуўся нас сёння разгайдаць, нічога не атрымаецца. Нічога не атрымаецца. Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам. Таму мы павінны думаць пра іх будучыню. І мы думаем. Мы ўсё зробім у наступнай пяцігодцы, каб наша краіна назаўжды забылася праблему захавання сваёй дзяржаўнасці. Наша краіна заўсёды будзе дзяржавай насуперак любым плыням і тэндэнцыям на міжнароднай арэне».
Далёка не ў першы ўжо раз ён заклікаў паплечнікаў таксама не думаць пра накладзеныя заходнімі краінамі санкцыі:
«Санкцыі, не санкцыі — проста жыццё складваецца такім чынам, што ў любой сітуацыі нам давядзецца выжываць, вытрымліваць гэты націск. Мы яго вытрымаем».
Што не адмяняе таго, што будучы год зноў такі па традыцыі будзе няпростым і нічога добрага ён не прарочыць:
«Я гэта кажу адкрыта. І запомніце, хто б вам тут ні абяцаў залатыя горы, нам прыйдзецца напружвацца ў два разы больш, чым у папярэднім годзе».
Але, вядома, «мы пераадолеем усе цяжкасці», бо «навучыліся працаваць. У складаных умовах. Калі на нас ціснуць з усіх бакоў».
Лукашэнка адказаў Зяленскаму: Беларусь, вядома, жыве
«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах