Мазырскі спіртагарэлачны завод распрадаюць па частках

Мноства лотаў па продажы абсталявання Мазырскага спіртагарэлачнага завода заўважыла выданне «Флагшток» на электроннай гандлёвай пляцоўцы. У асноўным, гэта ўстаноўкі, ёмістасці і іншае абсталяванне, а найбольш буйныя лоты — будынкі ў Мазырскім раёне побач з МНПЗ. Гэта адміністрацыйна-бытавы будынак і інжынерны корпус.

09.01.2025 / 17:47

Фота: «Гомельская праўда»

У цэлым за комплекс будынкаў хочуць атрымаць больш за 1 млн рублёў (звыш 300 тысяч даляраў). Абодва будынкі, мяркуючы па фатаграфіях, яшчэ нядаўна выкарыстоўваліся.

Пабудовы маюць плошчу больш за 4 тысячы квадратных метраў. Патэнцыйнаму пакупніку прапануецца выкарыстоўваць іх «для будаўніцтва і абслугоўвання».

Маёмасць, якая рэалізуецца. Фота: realt.by

Сума ўсёй маёмасці, якая рэалізуецца, налічвае некалькі мільёнаў рублёў. Завод распрадае цэхі, трубаправоды, цыстэрны, тысячы адзінак шклатары, ачышчальныя збудаванні і нават пажарную частку.

Пажарная частка, якая рэалізуецца. Фота: ipmtorgi.by

У інфармацыі пра лоты паказана, што прадпрыемства-прадавец знаходзіцца ў статусе банкруцтва. Сайт прадпрыемства даступны і прапануе разнастайную прадукцыю: ад моцных алкагольных напояў да антысептыку. Хоць мяркуючы па распродажы аб'ектаў, ад інфраструктуры завода амаль нічога не засталося і для вытворчасці захаваныя толькі невялікія памяшканні.

Яшчэ адна кампанія ўладальнікаў «Вострава чысціні» збанкрутавала

Паставілі кропку ў гісторыі Дэльта Банка

Пайшла ў ліквідацыю вядомая будаўнічая кампанія

Банкрутуе беларуская дачка нямецкага вытворцы сонечных панэляў

Nashaniva.com