Былы супрацоўнік крамы Symbal.by расказаў, як правёў будысцкі адпачынак — 10 дзён без смартфона і гутарак
Беларус Герман Вярцінскі наведаўся на віпасану — спецыяльны ваколбудысцкі рэтрыт, дзе адмаўляешся ад тэлефонаў і размоваў дзеля медытацыі і прасвятлення. Спыталі ў яго, як усё прайшло.
10.01.2025 / 08:00
Гэтае фота Герман зрабіў пасля заканчэння віпасаны. Фота: архіў суразмоўцы
«Зразумеў, куды трапіў, вярніце мяне на волю»
Герману Вярцінскаму 27 гадоў, амаль тры з якіх ён жыве ў Лісабоне. Раней беларус быў супрацоўнікам крамы Symbal.by, пазней перабраўся ў сферу сацыяльных медыя, а цяпер арганізоўвае ў Партугаліі вандроўкі, бізнэс-кэмпы і рэтрыты.
Чытайце таксама: «Не бачу сябе ў Беларусі. Ненармальна жыць у мінулым». Былы супрацоўнік Symbal.by агаломшыў прызнаннем
Некалькі дзён таму Герман вярнуўся з віпасаны — 10-дзённага курсу медытацый. Кажуць, што віпасана мае карані ў будысцкіх практыках узростам у тысячы гадоў, але пры гэтым не нясе рэлігійнага кампаненту. Фінальнай мэтай, тлумачыць Герман, лічыцца прасвятленне, але ў нашы часы людзі могуць па-рознаму фармуляваць для сябе гэтую мэту.
Для Германа гэта была першая віпасана:
«Яшчэ год таму чуў пра такі рэтрыт ад маёй настаўніцы па ёзе, яна ездзіла на віпасану і распавядала пра яе. І недзе ў лістападзе адчуў — здаецца, я ўжо гатовы, трэба паспрабаваць.
У Партугаліі няма цэнтраў, дзе ладзяць віпасану — найбліжэйшы цэнтр, які я знайшоў, знаходзіцца каля Мадрыда. Там якраз былі даты з 26 снежня па 6 студзеня, для мяне гэта было ідэальна, бо ў гэтыя даты быў менш загружаны па працы. Таксама гэта час навагодніх святаў, а яны ў мяне забіраюць шмат энергіі, аліўешны вайб мне не даспадобы. Вырашыў паспрабаваць».
Матываў у Германа было шмат. Хацелася атрымаць новы досвед, пазмагацца са звычкай празмерна абдумваць свае думкі, трошкі супакоіць розум. На думку хлопца, віпасана спрыяе ментальнаму здароўю, а для яго тэма здароўя важная.
Хлопец расказвае, што ў апошні год пачаў больш займацца ёгай і дыхальнымі практыкамі, то-бок віпасана дапоўніла яго духоўныя пошукі. Ён таксама спрабаваў медытацыю, але для яго гэта складаная практыка — няпроста супакоіць думкі.
Запісацца на віпасану было нялёгка:
«Запіс адкрываўся недзе за месяц да яе пачатку. Каб запісацца, трэба было прачнуцца а шостай ранку па лісабонскім часе. Усе заяўкі разабралі ўжо за тры хвіліны, такі попыт вялікі. Але я паспеў. У мяне яшчэ тры знаёмыя вырашылі запісацца, але ўзялі толькі аднаго чалавека з іх.
Віпасану ладзяць за ахвяраванне, і яго рабіць могуць толькі людзі, якія прайшлі як мінімум адну віпасану. Ты атрымаў гэты досвед, і калі ён для цябе быў карысны, ты можаш адразу пасля віпасаны заданаціць або ахвяраваць пазней. Можна і не пакідаць ахвяраванне, гэта твой асабісты выбар».
Тэрыторыя цэнтра, дзе Герман праходзіў віпасану. Фота: sacca.dhamma.org
Герман параўноўвае цэнтр, дзе ладзяць віпасану, з санаторыем: пакоі на шэсць чалавек, двухпавярховыя ложкі, сталовая і цэнтр для медытацыі. Цэнтр знаходзіцца ў гарах, побач пасвяцца жывёлы, ёсць ручай.
У першы дзень віпасаны яшчэ можна размаўляць. Удзельнікам распавядаюць, як усё будзе праходзіць, яны аддаюць свае тэлефоны і паціху пачынаюць усведамляць, куды трапілі. Герман прызнаецца, што ў яго з’явілася думка: маўляў, я зразумеў, куды трапіў, вярніце мяне на волю.
«Нельга забіваць нічога жывога, займацца сэксуальнай актыўнасцю і размаўляць»
У першыя пару дзён, кажа беларус, розуму яшчэ цікава, што адбываецца. А потым разумееш, што трэба супакоіць сябе, і розум пачынае супраціўляцца, падкідвае розныя жаданні. Нават пачынаеш адчуваць сябе горш:
«Там шмат хто хварэе, я таксама трошкі прастудзіўся. У такім стане больш складана медыціраваць, і шмат у каго там уключаецца псіхасаматыка, людзі хварэюць і праз яе. Там багата людзей кашлялі, і гэта трохі адцягвала ўвагу ад медытацыі. Таксама гэта снежань-студзень, час, калі шмат людзей хварэе. І калі шмат людзей медыціруюць у адным памяшканні, то нейкія вірусы могуць перадавацца ў паветры.
Недзе на чацвёрты дзень прыйшло прыняцце — маўляў, добра, засталося шэсць дзён, трэба заспакоіцца і проста чакаць канца. Шмат думаў пра тое, што зраблю ў свой першы дзень «на волі», як я буду вяртацца ў Лісабон і сустракацца з сябрамі. Гэта перашкаджае, бо твой розум накідвае табе ідэі, якія ты не можаш рэалізаваць, таму што знаходзішся на віпасане».
Актыўнасцей на віпасане мала. Ядуць двойчы ў дзень, падчас сняданку і абеду, таксама ёсць паўтары гадзіны на шпацыр. Але галоўнае — чатыры гадзіны абавязковых медытацый і шэсць гадзін медытацый па жаданні, якія можна прапусціць, але ж тады няма чым заняць час, ды і падчас віпасаны варта медытаваць як мага больш.
Падчас саміх медытацый удзельнікам уключалі гукавое суправаджэнне — запіс індыйца Гаенкі, вядомага папулярызатара віпасаны. Таксама па вечарах трэба было глядзець гадзінныя відэаролікі з Гаенкам, дзе той падсумоўваў дзень і даваў парады на наступны дзень віпасаны.
Ад удзельнікаў віпасаны патрабуюць маўчання. Што будзе, калі там загаварыць?
«Гэта парушэнне правілаў, так што да цябе могуць падысці і нагадаць, што ты пагаджаўся на гэтыя правілы. Перад пачаткам віпасаны табе даюць спіс таго, што нельга рабіць: нельга забіваць нічога жывога, займацца сэксуальнай актыўнасцю, размаўляць, красці, хлусіць і ўжываць рэчывы, якія ап’яняюць. Думаю, табе ў такім выпадку зробяць папярэджанне, і калі ты працягнеш парушаць правілы, напэўна, пакінеш курс. Але ніхто з нас не гаварыў. Усе разумеюць — калі ты прыехаў на віпасану, ты ж гэта зрабіў для сябе.
Тэрыторыя цэнтра, дзе Герман праходзіў віпасану. Фота: sacca.dhamma.org
Можна было падысці да настаўнікаў і спытаць у іх пра нейкія тэхнічныя моманты. Яны паміж сабой не размаўлялі адкрыта, хаця ім, напэўна, трэба вырашаць паміж сабой пэўныя пытанні. Там нават выдзялялі час, калі можна было падыходзіць са сваімі пытаннямі да настаўнікаў».
Першая палова віпасаны прайшла ў 2024-м, другая — у 2025-м. Герман кажа, што ў цэнтры нічога не ладзілі на Новы год, і такі падыход яму падабаецца, бо хлопец і сам не любіць традыцыі гэтага свята. Апошнія дні медытацыі цягнуліся доўга, а вось у канцы стала лягчэй: вельмі хацелася, каб рэтрыт скончыўся, бо віпасана нікому не даецца лёгка.
Пасля рэтрыту Герман мае шмат новых ідэй, і адна з іх — пра важнасць матэрыяльнага свету. Ён удакладняе, што гаворка не толькі пра грошы, але і пра ўзаемадзеянне з людзьмі, прыродай, і ва ўсё гэта трэба пераносіць здабыткі свайго духоўнага развіцця.
Віпасана, разважае хлопец, вучыць прымаць усё як ёсць:
«Падчас віпасаны мне было цяжка, бо загадзя пражываў, якімі будуць мае першыя дні «на волі», але насамрэч усё пайшло не так, як марыў. Сусвет падкінуў мне тэст на тое, як я засвоіў віпасану і як буду на гэта рэагаваць. І я сапраўды перажыў тое, што мае чаканні не спраўдзіліся, без негатыўных эмоцый.
Галавой усведамляеш, што не трэба трывожыцца, але ўнутры часам узнікаюць такія пачуцці. А цяпер негатыўных думак або ўвогуле няма, або ты іх вельмі хутка адсочваеш: маўляў, я памятаю, што нас вучылі назіраць за думкамі і спакойна іх успрымаць. Усё ў жыцці заканамерна, усё сканчаецца і няма нічога вечнага. Я гэта і так ведаў, але цяпер я гэта проста часцей згадваю ў моманце і пераношу на практыку».
Герман прызнаецца, што падчас самой віпасаны часам думаў — ніколі больш туды не паедзе. Але цяпер гатовы вярнуцца на рэтрыт, хоць і не ў хуткім часе — магчыма, праз год. Хлопец называе віпасану цікавай практыкай, хаця і складанай, і раіць усвядоміць для сябе, навошта вы туды едзеце.
Ён разважаў пра тое, ці можа камусьці параіць віпасану:
«Думаю, што гэта адзін з інструментаў, якіх шмат у свеце, гэта не нейкі адзіны правільны шлях. Для мяне вельмі важна зазірнуць углыб сябе. Люблю вандраваць і арганізоўваць вандроўкі, але можна падарожнічаць не толькі па гарадах, а таксама павандраваць углыб сябе.
Калі зусім скараціць пасыл, які нясе ў сябе віпасана, ён бы гучаў так — рабіць шчыра і з любоўю. Калі кожны чалавек пачне так рабіць, думаю, наш свет сапраўды стане лепшым».
На беразе возера прадаецца незвычайны бізнэс — «месца сілы» для ёгі, стаяння на цвіках і рэлаксу
Беларусы пераехалі ў Эквадор — як ім там жывецца? ШМАТ ФОТА