У Ліване абралі прэзідэнта праз два гады жыцця без яго

Прэзідэнцкая пасада ў Ліване заставалася вакантнай больш за два гады, але 9 студзеня мясцовым парламентарыям нарэшце ўдалося абраць кіраўніка дзяржавы. Ім стаў 61-гадовы галоўнакамандуючы мясцовай арміяй Жазэф Аун, піша Euronews.

09.01.2025 / 20:51

Жазэф Аун. Фота: Wikimedia Commons

Раней аналітыкі называлі кандыдатуру Жазэфа Ауна найбольш верагоднай, паколькі яна задавальняе амаль усе палітычныя сілы Лівана, уключаючы шыіцкі рух «Хезбала». Акрамя таго, ключавыя саюзнікі Лівана, ЗША і Саудаўская Аравія, таксама лічылі Ауна найлепшым кандыдатам.

У першым туры Жазэфу Ауну не ўдалося набраць неабходныя для перамогі 86 галасоў. Ён атрымаў падтрымку 71 члена парламента. Але ў другім туры за Ауна прагаласавалі ўжо 99 дэпутатаў.

Пасада прэзідэнта (традыцыйна яе павінен займаць хрысціянін-мараніт) заставалася вакантнай у Ліване з 31 кастрычніка 2022 года. Тады завяршыўся тэрмін паўнамоцтваў 89-гадовага Мішэля Ауна, які ўзначальваў краіну з 2016 года. За два апошнія гады было зроблена больш за 10 спроб вызначыцца з кандыдатурай кіраўніка дзяржавы.

Перад новым прэзідэнтам стаіць няпростая задача — кіраваць краінай, аслабленай шматгадовым эканамічным крызісам і нядаўняй вайной Ізраіля з групоўкай «Хезбала».

У сваёй прынагоднай прамове Аун заявіў, што з моманту яго абрання пачынаецца новая эра ў гісторыі краіны. Таксама ён дадаў, што «абавязваецца выконваць пагадненне аб спыненні агню з Ізраілем».

У Ліване святар прачытаў каляднае казанне з аўтаматам за спінай

Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы

У Ізраілі ўхвалілі пагадненне аб спыненні вайны з «Хезбалой»

Nashaniva.com