Разборкі на Шчучыншчыне. Як кот Васіль прагнаў з агарода лісу ВІДЭА

Незвычайная сітуацыя трапіла на камеру відэапасткі на пчальніку ў вёсцы Шчанец у Шчучынскім раёне.

10.01.2025 / 10:57

Узімку сюды нярэдка зазіраюць дзікія звяры. Напрыклад, казулі і зайцы спрабуюць паласавацца саджанцамі пладовых дрэў. А за траваеднымі падцягваюцца і драпежнікі, паведамляе Newgrodno.by.

«Заўважалі тут тхароў і куніц. А гэтым разам зазірнула ліса», — распавядае гаспадар пчальніка.

Але нечакана напярэймы драпежніку выскачыў хатні кот Васіль. Нягледзячы на розніцу ў памерах, кот не выглядаў спалоханым, наадварот, ён як сапраўдны гаспадар быў настроены не пусціць няпрошанага госця ў двор.

«На самым цікавым месцы камера перастала пісаць. Уключылася яна праз дзве хвіліны. Лісы і след прастыў, а кот сядзіць адзін. Думаю, пытанне пра пераможцу знятае», — мяркуе гаспадар

Ён жартуе, што канфлікт паміж катом і лісой адбыўся не проста на фоне асабістай непрыязнасці. Прычынай стаў перадзел сфер уплыву ў агародзе.

Дарэчы, заўважаў гаспадар пчальніка непадалёк сляды ваўка і лася. Васіль не мае намеру дзяліць свой агарод з кім бы там ні было. І памеры госця ў гэтым выпадку значэння не маюць.

Nashaniva.com