Анархіста Мікіту Емяльянава, які больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні, зноў будуць судзіць

Мікіта — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёна Мінска да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

10.01.2025 / 11:30

Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Але Мінгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіту да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша «Вясна».

У траўні 2021 года палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там адміністрацыя турмы ініцыявала завядзенне крымінальнай справы супраць палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Пры гэтым, у турме яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.

У сакавіку 2022 года на тэрыторыі Турмы № 4 Мікіце прызначылі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Хлопца адправілі адбываць тэрмін у ваўкавыскую калонію № 11, дзе яго працягнулі змяшчаць у ШІЗА. Праз год, у сакавіку 2023 года, У судзе Ваўкавыскага раёна суддзя Мікалай Сяргейка прыняў рашэнне аб пераводзе Мікіты на турэмны рэжым. Палітвязня змясцілі ў гродзенскую турму № 1.

 Мікіта Емяльянаў быў затрыманы яшчэ ў кастрычніку 2019 года. Па версіі следства, у верасні таго года ён закідаў будынак Мінскага гарадскога суда лямпачкамі з фарбай, а потым кінуў «кактэйль Молатава» ў СІЗА на Валадарскага.

Nashaniva.com