У Віцебску на міліцэйскіх стэндах павесілі фатаздымкі журналістаў і актывістаў

На стэндах каля трох райаддзелаў міліцыі Віцебска, дзе размяшчаюць выявы тых, хто знаходзіцца ў вышуку, можна ўбачыць здымкі асобаў, вядомых у дэмакратычным асяроддзі горада.

10.01.2025 / 15:44

Гэта праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Траццякова, экс-палітзняволены Міхаіл Жамчужны, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ян Дзяржаўцаў, журналістка Алена Шабуня, рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский Курьер news» Аляксандр Корнышаў, актывіст Дзмітрый Карняенка і іншыя вядомыя асобы, піша Віцебская вясна.

Мяркуючы па подпісах да фотаздымкаў, Паўла Левінава і Ірыну Траццякову вінавацяць паводле ч.2 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак), Алену Шабуню — паводле арт. 361 Крымінальнага Кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Nashaniva.com