Карпенка абвінаваціў Бондараву і кампанію ў нацыяналістычных выпадах. Яны патрабавалі дадаць у бюлетэні рускую мову

Кіраўнік ЦВК, не называючы імёнаў, раскрытыкаваў «грамадзян, якія праяўляюць непатрэбную актыўнасць».

10.01.2025 / 15:53

Узоры бюллетэня на прэзідэнцкіх выбарах ЦВК зацвердзіў у снежні, калі былі зарэгістраваны ўсе кандыдаты. Уся інфармацыя на бюллетэні будзе на беларускай мове. Што, зразумела, выклікала абурэнне прарасійскіх актывістаў.

Блогер Міхаіл Юспа, якога часта рэпосціць Вольга Бондарава, напісаў зварот у ЦВК з патрабаваннем дадаць на бюлетэні рускую мову. Аднак у камісіі адказалі, што ўсё адпавядае закону. У Выбарчым кодэксе сказана, што бюллетэні друкуюцца на беларускай або рускай мове, а яго фармат вызначае ЦВК.

Актыўны барацьбіт з беларускай мовай Юспа ўбачыў у гэтым «пагаршэнне канстытуцыйных правоў рускамоўнага ультрабольшасці беларусаў».

На прэс-канферэнцыі 10 студзеня кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка пракаментаваў сітуацыю. Пытанне пра людзей, якія «раскачваюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў «моўнае пытанне»», задаў супрацоўнік «СБ».

«У першую чаргу я б парэкамендаваў крыху адсунуць свае асабістыя амбіцыі на другі план. У нас дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. ЦВК выканаў усе працэдуры ў адпаведнасці з заканадаўствам. <…> Мы ў адкрытым, галосным фармаце, пры анлайн-трансляцыі пасяджэння на сайце ЦВК разгледзелі і прынялі калегіяльным рашэннем пастанову адносна бюлетэня. Значыць, гэта рашэнне павінна выконвацца ўсімі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі, якія прымаюць удзел у галасаванні», — сказаў Карпенка.

Ён дадаў, што ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам як дзяржаўныя служачыя Беларусі, так і яе грамадзяне павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. Акрамя таго, абедзве мовы вывучаюцца і ў школе, і ў іншых навучальных установах.

«І я не думаю, што прозвішча, імя, імя па бацьку кандыдата і некаторыя яго біяграфічныя дадзеныя выклічуць цяжкасці ў нашых грамадзян пры вывучэнні бюллетэня. На участках для галасавання ў тым жа парадку, як у бюллетэні, звесткі аб кандыдатах прадстаўлены на агульных плякатах, дзе інфармацыя аб іх размешчана на дзвюх мовах», — адзначыў Карпенка.

Юспу, Бондарэву і кампаніі, не называючы імёнаў, ён абвінаваціў у нацыяналістычных выпадах.

«Я не бачу тут праблемы. А адносна амбіцый носьбітаў такіх разважанняў… Я вельмі акуратна стаўлюся да падобных нацыяналістычных выпадаў. Мы павінны разумець, што ў Беларусі сёння пражывае каля 150 нацый і народаў, у якіх таксама могуць быць свае моўныя перавагі. Але яны з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь! І ствараючы ўмовы для нацыянальна-культурнага развіцця ў нашай краіне, мы, канечне, павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую.

Таму некаторым вось такім грамадзянам, якія праяўляюць непатрэбную актыўнасць адносна таго, на якой мове выпушчаны бюллетэнь, магу параіць адно: прыйсці на выбарчы ўчастак, загадзя ўважліва азнаёміцца з дадзенымі кандыдатаў і зрабіць свой асэнсаваны выбар», — рэзюмаваў Карпенка.

Бондарева ўжо паабяцала напісаць скаргу, калі ўбачыць на ўчастку бюлетэнь без рускай мовы.

«Ааобіста я бачу ў гэтым дыскрымінацыю рускай мовы — тую самую дэрусіфікацыю, «якой няма». І не я адна. Людзі робяць высновы», — напісала даносчыца.

Nashaniva.com