Расійскага шпіёна з Канады асудзілі ў Польшчы на 8 месяцаў. Ён сам раскрыўся сп'яну

18-гадовага канадца Лакена П. у Польшчы асудзілі за шпіянаж на карысць Расіі. Яму прысудзілі 8 месяцаў зняволення, у якія ўваходзяць 7 месяцаў, што ён ужо прабыў пад вартай. Пра прысуд 10 студзеня паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы, піша «Белсат».

10.01.2025 / 17:40

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Акруговы суд Варшавы 20 снежня асудзіў канадца Лакена П. на 8 месяцаў пазбаўлення волі за «Шпіянаж» (арт. 130 Крымінальнага кодэксу, параграф 1), ужыўшы працэдуру надзвычайнага змяншэння пакарання (арт. 66 КК, параграфы 1 і 6). Мужчына ўжо прабыў пад вартай сем месяцаў, якія ўлічылі ў тэрмін.

Справу распачалі пасля таго, як ноччу на 22 траўня 2022 года ў адным з варшаўскіх гатэляў хлопец у стане алкагольнага ап’янення заявіў, што з’яўляецца расійскім шпіёнам, баіцца за сваё жыццё і хоча здацца паліцыі. Паліцыянты пагадзіліся яго прыняць.

Падчас расследавання высветлілася, што Лакена П. сапраўды завербавалі ў Данецку для супрацы агентам Федэральнай службы бяспекі Расіі. Праз Данію ён прыехаў у Польшчу, на даручэнне расійскага кіраўніка меў збіраць звесткі пра вайсковыя базы і наладжваць кантакты з вайскоўцамі. Кантакт з расійскім кіраўніком ён трымаў праз Telegram, заробак атрымліваў у крыптавалюце.

Ягоныя тэлефон і тры сім-карткі далучылі да справы, праверылі. Паводле рашэння суда, тэхніку канфіскуюць, таксама Лакен П. мае кампенсаваць судовыя выдаткі.

Па $200 тысяч за кожнага забітага амерыканца. Як расійская разведка плаціла талібам за тэракты

«Я думаў, што рускія хутка перамогуць, але выйшла, як заўсёды». Споведзь ідэйнага расійскага шпіёна, які атрымаў ва Украіне пажыццёвае

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?

Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля

Nashaniva.com