Расійскі танкер страціў кіраванне і дрэйфуе каля нямецкага вострава
Расійскі танкер Eventin, які перавозіць каля 99 000 тон нафты, страціў кіраванне і дрэйфуе на поўнач ад нямецкага вострава Руген у Балтыйскім моры. Судна даўжынёй амаль 250 метраў ходзіць пад сцягам Панамы.
10.01.2025 / 19:36
Фота ілюстрацыйнае
Паведамляецца, што Eventin загрузіў нафту ў расійскім балтыйскім порце Усць-Луга і выйшаў у мора 6 студзеня.
Паводле даных сэрвіса MarineTraffic, ягоным портам прызначэння быў заяўлены Порт-Саід у Егіпце, аднак, як сведчаць дадзеныя адкрытых марскіх баз, ягоныя апошнія рэйсы праводзіліся ў індыйскі порт Вішакхапатнам, дзе Індыя актыўна купляе расійскую нафту насуперак заходнім санкцыям.
Eventin з'яўляецца часткай так званага «ценявога флоту» Расіі, які складаецца з больш чым 100 старых танкераў і грузавых суднаў, якія кепска абслугоўваюцца. Гэтыя судны выкарыстоўваюць «зручныя» сцягі, што дазваляе хаваць інфармацыю пра іх уладальнікаў і абыходзіць міжнародныя санкцыі.
Eventin быў пабудаваны ў 2006 годзе пад імем Storviken і хадзіў пад сцягам Нарвегіі, а ў 2022 годзе быў зарэгістраваны ў Панаме. У чэрвені 2024 года судна атрымала сваю цяперашнюю назву.
Паводле інфармацыі выдання Norddeutscher Rundfunk, да танкера накіраваныя два буксіры і шматмэтавы карабель «Аркона» з-за пагрозы шторму.
Прычыны страты суднам кіравання пакуль невядомыя.
Белы дом аб'явіў пра ўвядзенне самых маштабных санкцый супраць расійскага энергетычнага сектара
ЗША вымусілі Кітай закрыць свае буйныя порты для расійскага «ценявога флоту»
Фінляндыя выявіла сляды ад якара на дне Балтыйскага мора пасля пашкоджання кабеля
У Краснадарскім краі — экалагічная катастрофа пасля разліву мазуту з затанулых танкераў