Адкуль на вуліцах Мінска з'явіўся твар, які пужаў дзяцей 1990-х?

Гіпсавыя маскі лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» можна было адшукаць у розных кутках Мінска і Віцебска. Сёння гэтыя трывожныя выявы сустракаюцца ўсё радзей. Разабраліся, адкуль яны ўзяліся на вуліцах беларускіх гарадоў і каго насамрэч адлюстроўвае знакаміты лагатып.

11.01.2025 / 10:03

Апошняя маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» у Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Сёння вядома толькі пра адну маску, якая захавалася ў Мінску, — яна вісіць на сцяне жылога дома па вуліцы Казлова, 15. Але яшчэ нядаўна іх было куды больш. Іх можна было сустрэць на агароджах, на сценах будынкаў, на лесвіцах і іншых месцах, часам вельмі непрыкметных.

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Існуе меркаванне, што маскі з’явіліся ў 2000-х гадах для здымкаў расійскага серыяла. Аднак рэальнасць нашмат прасцейшая: усе гэтыя гіпсавыя выявы былі створаны беларускім мастаком Маратам Tekto у 2010-я гады, на хвалі культурнага ўздыму і папулярнасці стрыт-арту.

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Марат Tekto прыйшоў у стрыт-арт з графіці-культуры, але хутка адмовіўся ад малявання графіці і пачаў эксперыментаваць з гіпсам. Адной з яго работ стаў лагатып тэлекампаніі «ВИД» — гіпсавыя «твары», размаляваныя і расклееныя па ўсім горадзе.

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Цікава, што мастак не ўкладваў у свае працы асаблівага сэнсу. Гэта толькі ўзмацняла тую нявызначаную трывогу, якую выклікаў лагатып тэлекампаніі ў гледачоў: тады таксама не было зразумела, навошта гэты твар з’яўляецца на экране.

Марат таксама вядомы сваімі гіпсавымі красоўкамі, якія ўпрыгожвалі паштовую скрыню каля «чырвонага дворыка» і сталі мілай гарадской славутасцю. Пасля кароткага перыяду актыўнасці мастак з псеўданімам Tekto знік з культурнага поля.

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Маска з лагатыпа тэлекампаніі «ВИД» на вуліцах горада. Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

Што за твар на лагатыпе?

Для многіх заставалася загадкай, што за істота адлюстравана на лагатыпе тэлекампаніі «ВИД». Яе з’яўленне перад папулярнымі праграмамі кшталту «Поле цудаў» ці «Дабранач, малышы» ў 1990-х гадах выклікала ў дзяцей трывогу.

Застаўка тэлекампаніі «ВИД», якая пужала ўсіх дзяцей у 1990-я гады. Скрыншот відэа

Гэты лагатып з’явіўся практычна адразу пасля стварэння кампаніі ў 1987 годзе. Ідэю Уладзіславу Лісцьеву, аднаму са стваральнікаў тэлекампаніі, падказала ягоная жонка Альбіна Назімава.

Назімава на той момант працавала рэстаўратаркай у маскоўскім Музеі Усходу і прапанавала ў якасці лагатыпа выкарыстаць керамічную галаву Го Сяна, кітайскага філосафа III-IV стагоддзяў, якая захоўвалася ў музейнай калекцыі.

Скульптурная выява філосафа мела доўгія апушчаныя вушы, з якімі звычайна малююць мудрацоў, усмешку на твары, а на лысай галаве сядзела трохногая жаба — сімвал дастатку і шчасця ў кітайскай культуры. Магчыма, апошняе паўплывала на выбар тэлевізійшчыкаў. 

Керамічная галава філосафа Го Сяна ў экспазіцыі Музея Усходу, якая паслужыла асновай для лагатыпа тэлекампаніі. Фота: ixbt.com

Але кіраўніцтва музея адмовіла тэлекампаніі выкарыстоўваць вобраз свайго экспаната ў якасці лагатыпа. Тады Лісцеў пайшоў на хітрасць і з дапамогай камп’ютарнай графікі, якой тады захапляліся многія, змяніў першапачатковы выгляд скульптуры. На лагатыпе тэлекампаніі з’явіўся твар, абедзве паловы якога відавочна ўтвораны люстраным адлюстраваннем адной з іх і рэтушшу ценяў. З твара Го Сяна знікла ўсмешка, прыбралі вушы, а жаба на галаве страціла пазнавальнасць, больш нагадваючы проста гульку.

Змяненні ўнеслі неспадзяваны эфект. Прыгожы і мудры вобраз ператварыўся ў трывожную і жудасную выяву, якая трапіла ў так званую «злавесную даліну».

Новы лагатып тэлекампаніі «ВИД». Скрыншот відэа

Але змяняць свой лагатып тэлекампанія «ВИД», відаць, не вельмі спяшалася. Кардынальная змены ён зведаў толькі ў 2017 годзе, калі яго наблізіла да першапачатковага вобраза Го Сяна. Галава атрымала назад свае вушы, усмешку і жабу, пазбавіўшыся жудаснасці.

Аднак для многіх людзей гэты твар застанецца часткай дзіцячых успамінаў — дзіўным, незразумелым і крыху страшным.

Nashaniva.com