Першы клеткавы прадукт супраць раку зарэгістравалі ў Беларусі

Супрацьпухлінны біямедыцынскі клеткавы прадукт на аснове натуральных кілерных клетак чалавека ўпершыню зарэгістраваны ў Беларусі, паведаміў падчас прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара па навуцы РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Міхаіл Белеўцаў, піша «Спутнік».

11.01.2025 / 09:15

Ён адзначыў, што клеткавая імунатэрапія апошнім часам актыўна ўжываецца ў лячэнні анкалагічных захворванняў. Яе асноўны прынцып заключаецца ў актывізацыі ўласных рэсурсаў імуннай сістэмы для барацьбы з ракам.

Па словах Белеўцава, на працягу пяці гадоў у РНПЦ праходзіў навукова-даследчы праект па ўжыванні натуральных кілерных клетак для лячэння раку. У яго рамках былі праведзены клінічныя выпрабаванні — з дапамогай новай тэхналогіі лячыліся 28 пацыентаў.

«Мы атрымалі статыстычны і клінічна даказаны эфект прымянення гэтых натуральных кілерных клетак. І пасля гэтага звярнуліся ў Міністэрства аховы здароўя з просьбай аб рэгістрацыі біямедыцынскага клеткавага прадукту як супрацьпухліннага прэпарата для лячэння пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі», — распавёў Белеўцаў.

Паводле яго слоў, у якасці клінічнага захворвання быў абраны востры міелоідны лейкоз — досыць складаная форма лейкозаў, пацыенты з якім выжываюць прыкладна ў 70% выпадках.

Штогод у Беларусі такі дыягназ ставяць 12-15 дзецям. А ўсяго кожны год фіксуюць каля 300 выпадкаў раку сярод дзіцячага насельніцтва.

«З гэтай формай лейкозу мы практычна вылечыць усіх не можам, у адрозненне ад вострага лімфабластнага лейкозу, дзе выжывальнасць складае больш за 90%. І адзін з варыянтаў дапамогі — гэта прымяненне гэтага проціпухліннага біямедыцынскага клеткавага прадукту, які дазволіў нам падняць выжывальнасць. Цяпер яна складае каля 80%, таму эфектыўнасць гэтага прэпарата досыць высокая», — адзначыў намеснік дырэктара.

Ён таксама звярнуў увагу, што гэта інавацыйная тэхналогія — гэта першы на ўсёй прасторы СНД біямедыцынскі клеткавы прадукт на аснове натуральных кілерных клетак.

Nashaniva.com