Нефтыда, Эма Авіталь, Даніэль Джыдэна, Леброн. Якія незвычайныя і крэатыўныя імёны давалі мінчукі ў мінулым годзе
Адны мінчане называлі дзяцей самымі папулярнымі імёнамі, іншыя выбралі больш рэдкія. Самыя крэатыўныя імёны 2024 года запісала карэспандэнтка Мінск-Навінаў.
11.01.2025 / 14:06
Для дакладнасці былі апытаны некалькі раённых аддзелаў ЗАГС сталіцы. Цікавы момант: нават топ-5 самых папулярных імёнаў адрозніваецца ад раёна да раёна. Соф’і, Ганны і Евы ўпэўнена трымаюцца ў тройцы лідараў, а вось астатнія два месцы з розным поспехам дзеляць Марыі, Васілісы, Алісы і Ксеніі.
Сярод мужчынскіх імёнаў у тройцы лідараў Міхаіл, Марк і Цімафей. Пяцёрку замыкаюць Максімы, Раманы, Мацвеі, Аляксандры, Іваны. Арцёмы, якія шмат гадоў займалі першае месца па папулярнасці, крыху здалі пазіцыі.
— У нашым раёне імя Арцём у 2024 годзе на сёмым месцы, — удакладніла начальніца аддзела ЗАГС Фрунзенскага раёна Наталля Радзькова. — На першым месцы Раман, затым Міхаіл, Марк, Цімафей, Максім, Аляксандр.
Што да самых рэдкіх імёнаў, то ў Фрунзенскім раёне гэта Браам Азрыэль, Даніэль Джыдэна, Кай Дзіяніс, Геральд, Дылан, Даніслаў.
Сярод незвычайных жаночых імёнаў 2024 года — Мішэль-Мары, Эма Авіталь, Эстэр, Нефтыда, Аліяна, Еўсевія, Дарафея, Луна, Маціёна, Гінтарэ, Славяна, Радміла.
Увогуле па Мінску за 2024 год зарэгістраваны дзяўчынкі з імёнамі Афіна, Акуліна, Айперы, Вендзі, Іванна, Кая, Хлоя і хлопчыкі Альвіян, Бенджамін, Вінсент, Даміян, Леброн, Марсель, Рэджэп, Тарас, Элан.
Журналісты спыталі, ці былі ў мінулым годзе выпадкі, калі бацькам адмаўлялі ў рэгістрацыі таго ці іншага імя?
— У 2024 годзе такіх выпадкаў не было, але некалькі гадоў таму жанчына хацела назваць дзіця імем, якое складаецца з чатырох слоў, — адказала Н. Радзькова. — Мы зрабілі запыт у Інстытут мовазнаўства і атрымалі тлумачэнне, што так нельга: уласнае імя павінна ўтрымліваць не больш за два словы. Сумневаў і пытанняў наконт прыстойнасці або мілагучнасці не ўзнікала.
Мілагучнасць — паняцце адноснае: тое, што адным здаецца смешным і вясёлым, іншым можа здавацца абразлівым або сумным. У аддзелах ЗАГС звяраюцца са «Слоўнікам асабовых уласных імёнаў».
Быў таксама выпадак, калі бацька зарэгістраваў дзіця, а маці праз нейкі час прыйшла зноў, каб змяніць імя.
— Згодна з заканадаўствам, імя дзіцяці можна змяніць на працягу года пасля рэгістрацыі нараджэння, — удакладніла Н. Радзькова. — Пры ўмове, што ўласнае імя было дадзена без уліку пажаданняў аднаго з бацькоў — у сітуацыі, калі заяву на рэгістрацыю па тых ці іншых прычынах падае муж ці старэйшыя сваякі — бабуля або дзед. Для гэтага неабходныя пашпарты бацькоў, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і пацвярджэнне, што маці не была заяўніцай — гэта будзе пазначана ў акце рэгістрацыі.
У аддзеле ЗАГС Ленінскага раёна сталіцы ўспомнілі падобны выпадак, але з некаторымі адрозненнямі.
— Бацька хацеў назваць Аляксандрам, а маці — Мікалаем, — распавяла начальніца аддзела Галіна Шэмет. — У такіх выпадках мы даём час падумаць, паназіраць за малым і яго рэакцыяй на абодва варыянты. Як правіла, на працягу 1—3 месяцаў бацькі прыходзяць да кансэнсусу. У большасці выпадкаў выбар застаецца за маці — бацькі саступаюць. Але ў тым канкрэтным выпадку ў сям’і ўсё ж такі з’явіўся Аляксандр — праз некалькі гадоў.
Ці часта людзі змяняюць імёны ва ўрослым узросце?
— Да радыкальнага перайменавання звяртаюцца рэдка, — адказала Г. Шэмет. — І нейкіх крытычных выпадкаў дакладна не было. Як правіла, уносяць мінімальныя праўкі накшталт Алена/Алёна.
Аднак адно «я так хачу» для перайменавання (як і змены прозвішча ці імя па бацьку) недастаткова.
— Напрыклад, у чалавека ёсць псеўданім, якім ён падпісвае свае творы, навуковыя працы і іншае, — прыводзіць прыклад Г. Шэмет. — Сярод паважлівых прычын таксама мілагучнасць уласнага імя, яго цяжкое вымаўленне. Але фармат «Завуць Мілена, а хачу быць Машай» у гэты спіс не ўваходзіць.