У Фінляндыі кот Маўры выратаваў свайго гаспадара ад смяротнай небяспекі

11-гадовы кот разбудзіў свайго гаспадара ноччу. Калі гаспадар нарэшце звярнуў увагу на настойлівыя тычкі лапкай, ён зразумеў, што ў яго небяспечна нізкі ўзровень цукру ў крыві, піша Yle.fi.

11.01.2025 / 14:45

Фота: Mona Laiho / Yle

— Гэта быў ужо другі выпадак, калі Маўры, кот пароды корніш-рэкс, папярэдзіў гаспадара пра праблему са здароўем, — распавядае старшыня Фінскай асацыяцыі катоў Рыка Турпейнэн.

У Фінляндыі штогод узнагароджваюць двух-трох катоў-герояў, і ў мінулым годзе Маўры быў сярод іх.

Па словах Турпейнэн, тыповыя ўчынкі катоў-герояў уключаюць папярэджанні пра пачатак пажару і абуджэнне гаспадара, які пакутуе на дыябет, праз небяспечна нізкі ўзровень цукру ў крыві, як у выпадку з Маўры. Каты паведамляюць пра небяспечныя сітуацыі сваімі трывожнымі ці незвычайнымі паводзінамі.

У мінулым годзе званне ката-героя атрымалі два гадаванцы. Акрамя Маўры, гэты тытул быў прысвоены сямігадоваму кату пароды рэгдол па мянушцы Пёры.

— Пёры пастаянна абнюхваў тэлевізар, пакуль гаспадары не звярнулі ўвагу на яго паводзіны. Выявілася, што тэлевізар перагрэўся і пачаў дыміцца.

Калі кот ці сабака папярэджвае гаспадара пра нізкі ўзровень цукру ў крыві, хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што жывёла заўважае змену паху, тлумачыць дрэсіроўшчыца жывёл і аўтар навукова-папулярных кніг Туірэ Кайміё.

— Я не думаю, што яны ўсведамляюць смяротную небяспеку для чалавека. Канечне, прыемна думаць, што яны разумеюць, што ратуюць сваімі паводзінамі. Аднак я ў гэтым сумняваюся, бо ў такім выпадку жывёлы павінны разумець, што занадта нізкі ўзровень цукру небяспечны.

Па словах Кайміё, такія паводзіны могуць быць звязана з тым, што кот ці сабака заўважае змены ў стане гаспадара. Напрыклад, калі з-за нізкага ўзроўню цукру ён становіцца больш марудлівым або раздражнёным.

Жывёлы асабліва адчувальныя да зменаў у знаёмым ім асяроддзі. Кайміё лічыць, што кожны кот ці сабака можа праявіць сябе як герой у выпадку пажару.

Nashaniva.com