Пуцін плануе абмеркаваць з Трампам неўступленне Кіева ў NATO
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на перамовах з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам плануе абмяркоўваць гарантыі неўступлення Украіны ў NATO і скарачэнне прысутнасці сіл альянсу на ўсходніх межах. Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на некалькі расійскіх крыніц, у тым ліку на суразмоўцу, які абмяркоўваў гэтае пытанне з Пуціным.
11.01.2025 / 15:50
Пуцін і Трамп у 2018 годзе. Фота: Susan Walsh / AP
«Ён хоча змяніць правілы міжнароднага парадку, каб не было пагроз для Расіі. Яго вельмі хвалюе, якім будзе свет пасля вайны. <…> Трамп, са свайго боку, і сам хоча скараціць ролю NATO. Свет змяняецца, магчыма ўсё», — заявіла крыніца выдання.
Аб гатоўнасці Пуціна сустрэцца з Трампам у мінулую пятніцу паведаміў прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў. Так ён пракаментаваў словы абранага прэзідэнта ЗША, які раней паведаміў пра працу расійскага і амерыканскага бакоў над арганізацыяй саміту.
Нягледзячы на перадвыбарнае абяцанне Трампа завершыць вайну Расіі супраць Украіны за 24 гадзіны, Financial Times паведамляе, што на гэтым тыдні Трамп назваў больш рэалістычным тэрмінам шэсць месяцаў для спынення баявых дзеянняў.
Еўрапейскія лідары і чыноўнікі заклікаюць Трампа і яго каманду працягваць ваенную дапамогу Украіне з боку ЗША. На іх думку, гэта ўмацуе пазіцыі Кіева на мірных перамовах і падштурхне Маскву да дыялогу.
Захад, уключаючы генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ, падкрэслівае, што паражэнне Украіны ўмацуе пазіцыі Пуціна і яго саюзнікаў у Кітаі, Іране і Паўночнай Карэі.
«Мы павінны пакласці канец гэтай вайне». Трамп распавёў аб падрыхтоўцы сустрэчы з Пуціным
Пяскоў: Сустрэча Пуціна і Трампа будзе магчымай пасля інаўгурацыі амерыканскага прэзідэнта