У Польшчы судзяць беларуса па абвінавачанні ў шпіянажы
У польскім Любліне 10 студзеня пачаўся судовы працэс па справе аб шпіянажы. Сярод абвінавачаных — 53-гадовы беларус, які ў польскай прэсе фігуруе пад імем Мікалай М.
11.01.2025 / 21:41
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Працэс праводзіцца ў закрытым рэжыме: на першым пасяджэнні суд пагадзіўся з тым, што публічнае асвятленне падрабязнасцяў справы ў СМІ можа закрануць інтарэсы дзяржавы. Польская радыёстанцыя RMF24 паведаміла толькі пра абставіны затрымання беларуса і некаторыя дэталі судовага працэсу.
Вядома, што гаворка ідзе пра падзеі, якія адбыліся ў перыяд з 2018 года па 24 лютага 2023 года. Як адзначаецца ў абвінаваўчым заключэнні, перададзеным у суд у лістападзе 2024 года, Мікалай М. «ажыццяўляў дзейнасць, накіраваную на разведку раёна вайсковага аэрапорта ў Бяла-Падлясцы» (размешчаны прыкладна за 45 км ад мяжы з Беларуссю).
Па версіі пракурора, мужчына збіраў там інфармацыю пра дзеянні вайсковай авіяцыі, чыгуначную інфраструктуру і перамяшчэнне ў гэтым раёне вайсковай тэхнікі.
Мужчыну таксама абвінавацілі ў зборы інфармацыі пра аб'екты і транспартныя сродкі ў распараджэнні Агенцтва ўнутранай бяспекі, якія размяшчаюцца і выкарыстоўваюцца ў Бяла-Падлясцы.
Такім чынам, паводле версіі следства, затрыманы «дапамагаў спецслужбам Рэспублікі Беларусь у дзейнасці, накіраванай супраць Польшчы».
Сам затрыманы, як заявіла прэс-сакратарка абласной пракуратуры Любліна, яшчэ на этапе следства прызнаў сябе вінаватым.
За шпіянаж на карысць замежнай дзяржавы ў Польшчы, паводле апошніх зменаў у Крымінальным кодэксе, можна атрымаць турэмнае зняволенне на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.
Сваю шпіёнскую дзейнасць, па версіі следства, беларус здзяйсняў пры садзейнічанні 59-гадовага мясцовага жыхара, грамадзяніна Польшчы, які ў СМІ фігуруе пад імем Бернард Ш. Пракуратура абвінаваціла яго ў «аказанні яму дапамогі, прадбачачы магчымасць здзяйснення беларусам злачынства шпіянажу на карысць Рэспублікі Беларусь». Паведамляецца, што мужчына прызнаў сябе вінаватым у тым, што арганізаваў знаходжанне беларуса ў Польшчы і засяліў яго ў кватэру. Пад арышт мужчыну да суда не змяшчалі, толькі забараніўшы яму выязджаць з краіны і канфіскаваўшы з гэтай мэтай ягоны пашпарт.
Афіцыйны Мінск інфармацыю пра судовы працэс за шпіянаж на карысць Беларусі ў Польшчы пакуль не каментаваў.
Расійскага шпіёна з Канады асудзілі ў Польшчы на 8 месяцаў. Ён сам раскрыўся сп'яну
У Літве арыштавалі 82-гадовага былога ссыльнага за шпіянаж на карысць Расіі