У Бельгіі мясцовых жыхароў заклікалі не выкідаць елкі, а… з’есці іх. Прапанавалі нават стравы

У Бельгіі стартавала і хутка завяршылася сумнеўная кампанія: там чыноўнікі параілі пасля святаў з'есці елку. 

12.01.2025 / 11:19

У СМІ і сацыяльных сетках распаўсюдзіліся рэкамендацыі адміністрацыі бельгійскага горада Гента, якая заклікае людзей перапрацоўваць свае калядныя ёлкі рознымі спосабамі, у тым ліку ўжываючы ў ежу. Гарадская адміністрацыя прапанавала бельгійцам рабіць масла ці варыць суп з ігліцы, багатай вітамінамі, мікраэлементамі, эфірнымі алеямі, піша DW.

У сваёй рэкамендацыі Гент спасылаўся на багаты скандынаўскі досвед. «У Скандынавіі гэта ўжо даўно робіцца: вы зрываеце іголкі з галінак, апускаеце іх ненадоўга ў кіпень, працэджваеце праз сіта і сушыце на чыстай тканіне, — гаворыцца ў паведамленні гарадской рады. — Як толькі ігліца высахне, з яе можна будзе прыгатаваць смачнае яловае масла для хлеба ці тостаў».

Гэта не ўсе рэцэпты выкарыстання яловай ігліцы, якія прапанавалі чыноўнікі, але 7 студзеня Федэральнае ўпраўленне па кантролі за прадуктамі харчавання (FASNK) у Бельгіі апублікавала папярэджанне аб шкодзе для здароўя ад ужывання ігліцы. Бо большасць дрэў апрацоўваецца пестыцыдамі ў мэтах абароны ад насякомых. Акрамя таго, на дрэвах могуць быць іншыя хімікаты.

«Спажыўцам нялёгка даведацца, ці былі калядныя ёлкі апрацаваны антыпірэнамі, а няведанне гэтага можа мець сур'ёзныя, нават фатальныя наступствы», — гаворыцца ў заяве ведамства. 

Што ж зрабіў горад Гент? Адміністрацыя выдаліла пост ў сацыяльных сетках, які распавядае аб патэнцыяле ужывання елкі ў ежу. А ў публікацыі «З'еш сваю ёлку» на сваім сайце Гент змяніў загаловак на «Скандынавы ядуць свае ёлкі».

Nashaniva.com