Якім будзе надвор'е на наступным тыдні

Моцных студзеньскіх маразоў чакаць не варта. Сіноптык Дзмітрый Рабаў на АНТ распавёў пра надвор'е з 13 па 19 студзеня. 

12.01.2025 / 11:43

На наступным тыдні надвор'е будзе часта мяняцца, прагназуюць то адлігі, то замаразкі. І такая сітуацыя захаваецца да канца студзеня. Чакаюцца перапады тэмпературы, ападкі ў розных формах, парывісты вецер і галалёд. Пры гэтым тэмпература паветра будзе на 1-3 градусы вышэйшай за кліматычную норму.

У пачатку тыдня будзе воблачна з невялікімі праясненнямі, без істотных ападкаў. Месцамі чакаецца туман, слабы галалёд. Вільготнасць — да 80%. Тэмпература ўначы ў панядзелак складзе -1 … -6 °C, пры праясненнях — да мінус 10 °C, удзень будзе 0…-3 °C.

Бліжэй да сярэдзіны тыдня ў большасці раёнаў пройдуць ападкі — снег, мокры снег. Ноччу і раніцай чакаецца туман, на дарогах месцамі галалёдзіца. Уначы ў аўторак слупкі тэрмометраў пакажуць -1 … -6 °C, у сераду — блізу 0 °C. Удзень у аўторак прагназуюць ад -1 °C да +2 °C, у сераду да +3 °C.

У другой палове магчымыя невялікія кароткачасовыя ападкі. Уначы тэмпература паветра складзе ад -3 °C да +2 °C, у чацвер і пятніцу днём чакаецца каля 0 °C.

У выхадныя дні на надвор'і адаб'ецца ўплыў антыцыклону. Істотных ападкаў не чакаецца. Ноччу і раніцай месцамі будзе туман. Вільготнасць — да 70%. Уначы тэмпература паветра будзе вагацца ад +1 °C да -5 °C. У суботу днём будзе да +2 °C, а ў нядзелю да +3 °C.

Nashaniva.com