Стала вядома пра вызваленне 22-гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні

Студэнтку-выдатніцу пратрымалі за кратамі амаль тры гады за рэпост антываеннага тэксту.

12.01.2025 / 12:17

Студэнтка Данута Перадня была асуджаная на 6,5 года калоніі

У канцы 2024 года па памілаванні выйшла на свабоду 22-гадовая Данута Перадня — колішняя студэнтка філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнаўнага ўніверсітэта. Звесткі пра яе вызваленне ёсць у базы праваабарончай ініцыятывы Dissident.by. Сама дзяўчына апошні месяц знаходзіцца ў сацыяльных сетках анлайн.

Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 года, калі яна прыехала на маршрутцы з роднага Кіраўска ў Магілёў. У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна перапосціла ў адзін з чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там змяшчаўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе ўступлення ў вайну.

Дануце інкрымінавалі два артыкулы Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Яе ўключылі ў спіс «тэрарыстаў».

Спачатку Перадню судзілі ў Кіраўску, але толькі пасля працэсу высветлілася, што мясцовы суд увогуле не меў права выносіць рашэнне — такія «сур’ёзныя» справы павінен разглядаць Магілёўскі абласны суд. Прыйшлося пачынаць працэс наноў, але вынік аказаўся такім самым — шэсць з паловай гадоў зняволення.

Амаль год Данута правяла ў СІЗА, яшчэ амаль два гады — у гомельскай калоніі.

Па памілаванні выпусцілі 21-гадовую алімпіядніцу і жанчыну, што не стала гаварыць з Азаронкам

Стала вядома пра вызваленне 24-гадовай настаўніцы кітайскай мовы Дар'і Хмяльніцкай

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Nashaniva.com