Прадстаўнік МЗС Беларусі сустрэўся з тэрарыстам са спісу КДБ

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч прыбыў у Кабул для сустрэчы з прадстаўнікамі Талібана, паведамляе МЗС Ісламскага Эмірата Афганістан, піша REFORM.news. 

12.01.2025 / 13:53

З Лукашэвічам сустрэўся намеснік міністра замежных спраў Ісламскага Эмірата Афганістан па палітычных пытаннях Аль-Хаджы Шэр Мухамад Абас Станекзай (Al-haj Sher Muhammad Abbas Stanekzai).

Чалавек з такім імем уваходзіць у пералік арганізацый і фізічных асоб, якія, па версіі КДБ Беларусі, маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Ён таксама ўваходзіць у санкцыйны пералік Камітэта Савета Бяспекі ААН.

«На сустрэчы былі падкрэслены агульныя эканамічныя і палітычныя інтарэсы, а таксама магчымасці для ўзаемнага супрацоўніцтва паміж Афганістанам і Беларуссю», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Афганістана.

Прадстаўнік талібаў назваў візіт свайго беларускага калегі ў Кабул «важным крокам наперад ва ўмацаванні двухбаковых адносін». Ён дадаў, што «гэта добры старт для развіцця доўгатэрміновага супрацоўніцтва».

Беларускі дыпламат «выказаў станоўчы намер свайго ўрада наладзіць супрацоўніцтва з Афганістанам у розных сектарах».

На заканчэнне бакі дамовіліся прадоўжыць абмеркаванне праз тэхнічныя групы, якія базіруюцца ў Кабуле і Мінску, з мэтай далейшага пашырэння і паглыблення галін супрацоўніцтва.

У паведамленні афганскага МЗС беларускага чыноўніка назвалі Mr. Luka Shchavich.

.

Nashaniva.com