Расія ўдарыла па інтэрнаце ў Суджы, дзе ўкраінцы размясцілі пажылых расіян з інваліднасцю. Загінула жанчына
ПКС Расіі скінулі авіябомбу на школу-інтэрнат у занятай УСУ Суджы Курскай вобласці, заявіў кіраўнік украінскай ваеннай камендатуры горада Аляксей Дзмітрашкоўскі.
12.01.2025 / 14:55
«Учора ўвечары расійская авіяцыя нанесла два авіяцыйныя ўдары ў раёне інтэрната горада Суджа. У выніку гэтага жанчына атрымала ірваную рану рукі. Па стане на раніцу гэтая жанчына памерла», — сказаў ён.
Фота разбамбаванага інтэрната з'явіліся ў пабліку «Суджа родная».
У школе-інтэрнаце размяшчаліся каля 70 пажылых людзей, у тым ліку з інваліднасцю, хваробай Паркінсана, пасля інсультаў.
Улады Расіі, маглі ведаць, што ў інтэрнаце няма вайскоўцаў, бо пастаяльцаў інтэрната раней паказвалі ўкраінскія і замежныя журналісты ў сваіх рэпартажах.
Мінабароны Расіі ў свежай зводцы заявіла, што ў Суджы «ўдарамі аператыўна-тактычнай, вайсковай авіяцыі і агнём артылерыі разбіты жывая сіла і тэхніка суперніка».