Выйшаў на свабоду 76-гадовы Сямён Добкін, брат заснавальніка EPAM
Кіраўніку брэсцкай кампаніі ГСКБ прысудзілі 6,5 года калоніі строгага рэжыму, але ён апынуўся на волі прыблізна праз год зняволення.
12.01.2025 / 18:23
Як стала вядома «Нашай Ніве», 76-гадовы бізнэсмен Сямён Добкін вярнуўся на працу ў брэсцкую кампанію ГСКБ.
Брат заснавальніка EPAM Аркадзя Добкіна быў арыштаваны ў снежні 2023 года. У верасні 2024 года яму прысудзілі 6,5 года зняволення. Афіцыйнае абвінавачванне — атрыманне хабару.
Сутнасць абвінавачання і акалічнасці справы невядомыя — як і ўмовы датэрміновага вызвалення.
Бізнэс Сямёна Добкіна, прадпрыемства ГСКБ, з'яўляецца найбуйнейшай цеплатэхнічнай кампаніяй на тэрыторыі Беларусі.
Кампанія выпускае воданагравальныя і паравыя катлы на вадкім і цвёрдым паліве, гарэлкі, утылізатары, блочна-модульныя кацельні і іншае інжынернае абсталяванне для жыллёва-камунальных гаспадарак, а таксама будаўнічых арганізацый і іншых суб'ектаў сацыяльнага прызначэння.
Аркадзь Добкін жыве ў ЗША, ён не вяртаўся ў Беларусь з таго часу, як Лукашэнка назваў яго «дробкіным» і абвінаваціў у фінансаванні пратэстаў.