Чарніцы аказаліся пад пагрозай знікнення па ўсім свеце
Да трывожных высноў прыйшлі амерыканскія даследчыкі.
12.01.2025 / 19:14
Ягады чарніц. Фота: Kora27 / Wikimedia Commons
Пра гэта піша «Зялёны партал».
Пра пагрозу знікнення чарніц папярэджваюць навукоўцы з Універсітэта штата Паўночная Караліна.
Прычына ў распаўсюджанні мучністай расы — грыбковага захворвання, якое пагражае сусветнай чарнічнай індустрыі.
Грыбок Erysiphe vaccinii, які выклікае захворванне, за апошнія 12 гадоў выйшаў за межы Паўночнай Амерыкі і распаўсюдзіўся на некалькі кантынентаў, адзначаюць даследчыкі.
Па іх даных, інфекцыя паражае расліны, пакрываючы іх белым налётам, што перашкаджае фотасінтэзу і змяншае пажыўныя рэчывы. Гэта прыводзіць да значнага зніжэння ўраджайнасці і патрабуе выкарыстання дарагіх фунгіцыдаў.
Асноўнай прычынай распаўсюджвання мучністай расы навукоўцы называюць чалавечую дзейнасць: транспартаванне заражаных саджанцаў чарніцы на вялікія адлегласці спрыяе пранікненню грыбка ў новыя рэгіёны.
Даследаванне таксама паказала, што грыбок за межамі Паўночнай Амерыкі размнажаецца пераважна бясполым шляхам. Гэта робіць яго больш устойлівым да знешніх уздзеянняў і ўскладняе барацьбу з захворваннем.
Навукоўцы папярэджваюць: калі не прыняць тэрміновыя меры, сусветныя вытворцы чарніцы могуць панесці значныя эканамічныя страты. Яны заклікаюць фермераў, даследчыкаў і ўрады аб’яднаць намаганні ў барацьбе з мучністай расой.