Скандал у Польшчы: зніклыя процітанкавыя міны адшукалі на складзе IKEA
Скандал у Гайнаўцы ўжо каштаваў пасады генералу, а некалькі салдатаў могуць адправіцца ў турму.
12.01.2025 / 23:12
Ілюстрацыйнае фота: Eric Risberg / AP
У польскай арміі выбухнуў скандал з-за страты процітанкавых мін. Інцыдэнт адбыўся яшчэ летам, але пра яго стала вядома толькі цяпер.
Вайсковая часць у Гайнаўцы (Падляскае ваяводства) заказала таварны цягнік для перавозкі ўзбраення на склад у Галеневе, што на іншым канцы краіны. Падчас выгрузкі вайскоўцы дапусцілі памылкі ў разліках, і некалькі скрыняў са процітанкавымі мінамі засталіся ў цягніку, паведамляе WP.
Згодна з паведамленнямі, гаворка ідзе як мінімум пра некалькі дзясяткаў забытых мін. Выданне Money.pl сцвярджае, што іх магло быць 240. Большасць такіх мін важаць ад 8 да 15 кг, значная частка іх масы — гэта выбуховае рэчыва, прызначанае для знішчэння цяжкай ваеннай тэхнікі, уключаючы танкі і браневікі.
Некаторы час міны «падарожнічалі» па краіне, пакуль не апынуліся на адным са складаў IKEA. Супрацоўнікі склада былі вельмі здзіўлены такому «грузу». Міны адразу ж вярнулі арміі, як паведамляе пракуратура, ні адна з іх не была страчана.
«Мы пацвярджаем, што 16 ліпеня мінулага года кампанія PKP Cargo паведаміла нам пра наяўнасць ваеннага грузу ў адным з вагонаў, якія прыбылі на прадпрыемства IKEA Industry Orla.
Прадстаўнік грузаперавозчыка адкрыў вагон, і груз быў канфіскаваны Ваеннай жандармерыяй у той жа дзень», — заявіла PAP старшыня IKEA Industry Poland Малгажата Дабес-Турульска.
Па слядах скандалу з Міністэрства абароны Польшчы звольнілі генерала Артура Кемпчыньскага, які займаў пасаду кіраўніка Інспектарата падтрымкі Войска Польскага. Паведамляецца, што генерал быў адпраўлены ў адстаўку за тое, што схаваў ад камандавання інцыдэнт з мінамі.
Па справе таксама дапытваюцца вайскоўцы, якія адказвалі за груз. Ім пагражае ад трох месяцаў да пяці гадоў пазбаўлення волі.