143 пасажыры «Белавіі» не могуць вылецець з Санкт-Пецярбурга ў Мінск праз непагадзь

Моцны снегапад у аэрапорце «Пулкава» паўплываў і на рэйсы беларускай авіякампаніі.

12.01.2025 / 21:47

Самалёт «Белавіі». Ілюстрацыйнае фота

Пра складанасці паведамілі ў афіцыйным тэлеграм-канале «Белавіі».

Ранішні рэйс з Мінска B2 941, які вылецеў у 8:17, быў вымушаны вярнуцца ў базавы аэрапорт «Мінск» з-за немагчымасці пасадкі ў Пулкаве.

Пазней пасажыры гэтага рэйса змаглі паляцець у Санкт-Пецярбург на іншым самалёце: Boeing 737-800 прызямліўся ў Пулкаве ў 16:17.

У больш складаным становішчы апынуліся пасажыры рэйса B2 942 Санкт-Пецярбург — Мінск. Вылет паводле раскладу ў 10:30 быў немагчымы, і рэйс аб’ядналі з іншым — B2 940, які вылецеў паводле раскладу ў 15:15.

Аэрапорт «Пулкава» паведаміў пра часовае прыпыненне прыёму і адпраўкі самалётаў праз складаныя ўмовы надвор’я. У аэрапорце вядуцца работы па ачыстцы ўзлётна-пасадачнай паласы ад снегу.

Праз гэта сваёй чаргі на вылет чакаюць многія рэйсы, у тым ліку і рэйс «Белавія» B2 940. На борце рэйса B2 940 зараз знаходзяцца 143 чалавекі.

Прадстаўнікі авіякампаніі знаходзяцца з імі на сувязі і вырашаюць пытанне з пагрузкай багажу. Пасажырам, якія былі вымушаныя затрымацца ў аэрапорце на некалькі гадзін, было прадастаўлена гарачае харчаванне і напоі.

Выданне «Фантанка» паведамляла, што Санкт-Пецярбург 12 студзеня абнавіў максімум снежнага покрыва цяперашняй зімы. Раніцай вышыня покрыва дасягнула 29 сантыметраў. Ранейшы максімум быў зафіксаваны 17 снежня — 20 см.

Nashaniva.com