Небяспечна. Карпенка патлумачыў, чаму не будзе ўчасткаў галасавання за мяжой

На думку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі адсутнасць замежных участкаў не лічыцца ўшчамленнем правоў выбаршчыкаў.

12.01.2025 / 22:17

Ігар Карпенка. Фота: БелТА

У эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ Ігар Карпенка растлумачыў, што такая норма ўжо выкарыстоўвалася на рэферэндуме і выбарах у адзіны дзень галасавання.

Яна быццам бы абумоўлена адсутнасцю мер бяспекі, скарачэннем колькасці супрацоўнікаў дыпламатычных службаў і нізкай яўка выбаршчыкаў за мяжой.

«У 2020 годзе ў галасаванні на выбарах прэзідэнта [за мяжой] прынялі ўдзел усяго 0,3% грамадзян, уключаных у спісы выбаршчыкаў, — гэта 18 455 чалавек. У той жа час для тых, хто стаіць на консульскім уліку, будуць створаны ўмовы для галасавання на шасці ўчастках у Беларусі, уключаючы Мінск і абласныя цэнтры», — заявіў Карпенка.

Паводле Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, у 2021—2022 гадах выехала больш за 200 тысяч чалавек, а намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ацэньваў эміграцыю ў 350 тысяч чалавек. Большасць з іх фактычна пазбаўлены права на волевыяўленне.

Nashaniva.com