Польшча не дала славацкай дэлегацыі дазвол на пралёт у Маскву. Тыя ляцелі ў абход
Польшча не дала дазвол на пралёт праз сваю паветраную прастору самалёту славацкай парламенцкай дэлегацыі, якая накіроўвалася на сустрэчу ў Маскву. Дэпутатам прыйшлося ляцець праз Чэхію і Нямеччыну. Польскі бок патлумачыў рашэнне недахопам папер у заяўцы славакаў на палёт.
13.01.2025 / 09:07
Андрэй Данко і кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў на сустрэчы ў Сочы, 13 лютага 2019 года. Фота: МЗС РФ
Віцэ-спікер Нацыянальнай рады Андрэй Данко, які быў у складзе дэлегацыі, што прыляцела ў Расію, абурыўся польскім бокам.
«Я не разумею такога падыходу, але гэта рэальнасць, з якой трэба змірыцца», — пракаментаваў Данко рашэнне польскіх уладаў.
У МЗС Польшчы абверглі абвінавачанні, там кажуць, што забароны не было, а была кепская арганізацыя палёту са славацкага боку.
«Мы не адмовілі славацкаму боку ў палёце, яны даслалі нам няпоўныя дакументы, без ноты, а потым, падчас разгляду справы — калі іх папрасілі дапоўніць — паведамілі нам аб змене маршруту», — заявіў PAP прэс-сакратар МЗС Павел Уроньскі.
У складзе славацкай дэлегацыі знаходзяцца два віцэ-спікеры парламента — Андрэй Данко і Тыбар Гашпар, а таксама некалькі дэпутатаў.
Асноўная мэта іх візіту — абмеркаванне працягу паставак расійскага газу ў Славакію і перспектыў мірнага ўрэгулявання расійска-ўкраінскага ваеннага канфлікту.
Раней Андрэй Данко адзначыў, што прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца пачаў дыялог з Расіяй падчас свайго візіту ў Маскву ў снежні мінулага года. Цяпер Славакія мае намер развіваць адносіны з Расіяй на ўзроўні парламента.
Вяртанне дэлегацыі Славакіі з Расіі запланавана на 15 студзеня.